варчако́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да варчака. Хвіліны праз тры.. [Шайдоб] ужо ішоў побач з Саўкам і, нібы малады варчаковы конік, раз-пораз забягаў яму наперад і спіхваў са сцежкі. Федасеенка.
варшта́т, ‑а, М ‑таце, м.
1. Спецыяльна абсталяваны стол для ручной сталярнай, слясарнай і інш. работы. Слясарны варштат. Шавецкі варштат.
2. Разм. Стан для красён. У чатырнаццаць год.. [Гліцэра] села за варштат ткаць сурвэты і ручнікі і пакінула хадзіць на спеўкі. С. Александровіч.
3. Уст. Станок. Загрукацелі звонка тры новыя дрылявыя варштаты. Мурашка.
варшта́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да варштата. Варштатная дошка. Варштатныя ціскі.
ва́рыва, ‑а, н.
Разм. Вараная рэдкая страва. Саша стаяла каля прыпечка, як на варце, падкладала ў агонь трэскі, здымала з варыва пену. Шамякін. // зб. Вараныя стравы, варанае.
варыве́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы, ж.
Абл. Невялікая варыўня. І лік будынін не маленькі: Хаціна, пуня, хлевушок, Няхай ён цесны катушок, І ёсць свіронак, варывенька. Колас. Праз паўгадзіны сям’я пакінула свой дом, знайшоўшы часовы прыпынак у цеснай варывеньцы, дзе трымалі бульбу і іншую гародніну. Якімовіч.
варыёметр, ‑а, м.
Спец.
1. Назва некаторых прыстасаванняў для вымярэння або змянення сіл, якія ўзнікаюць у тых ці іншых працэсах. Гравітацыйны варыёметр.
2. У радыётэхніцы — прылада для плаўнай змены індуктыўнасці. Варыёметр настройкі на новую хвалю.
[Ад лац. varius — розны і грэч. metron — мера.]
варыўня́, ‑і, ж.
Абл. Невялікі будынак для захавання бульбы, агародніны; стопка. Мужчыны прыязджалі, насыпалі паўнюткія вазы [бульбы], везлі ў варыўню. Васілевіч.
вары́цца, варыцца; незак.
1. Гатавацца кіпячэннем на агні. У адным катле варыўся абед, у другім цэлы дзень кіпела вада. Чорны.
2. Зал. да варыць.
•••
Варыцца ў сваім (уласным) саку — працаваць, не падтрымліваючы сувязі з тымі, хто займаецца падобнай работай, не выкарыстоўваць іх вопыт.
вары́ць, вару, варыш, варыць; незак., што.
1. Гатаваць страву, пітво кіпячэннем на агні. Варыць бульбу. □ Была зроблена ў зямлі такая печка, дзе на малым агні можна было грэць ваду, сёе-тое варыць, пячы. Кулакоўскі.
2. Вырабляць што‑н. шляхам кіпячэння, плаўлення і пад. Варыць мыла. Варыць сталь. Варыць шкло.
3. Рабіць зварку металічных прадметаў і іх частак; зварваць. Дванаццаць сутак брыгада амаль не выходзіла з дэпо. Алена варыла бранявыя пліты. Сабаленка.
4. безас. Пра душнае, гарачае надвор’е. — Варыць, як на дождж... — азваўся Пятро. Капыловіч.
•••
Варам (варма) варыць — вельмі душна, горача (пра надвор’е).
Галава варыць у каго гл. галава.
Мазгі (не) вараць гл. мозг.
варыякіно́, нескл., н.
Спец. Варыяскапічнае кіно.