Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шарыя́т, ‑у, М ‑рыяце, м.

Звод рэлігійных, бытавых правіл і юрыдычных норм феадальнага права, заснаваных на каране і пашыраных у некаторых мусульманскіх дзяржавах.

[Араб.]

шарэ́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.

1. Рад людзей, якія стаяць па прамой лініі і тварам у адзін бок (першапачаткова толькі ваенных і звычайна па росту). Усхваляваныя, радасныя людзі сталі ў шарэнгу метраў на пяць адзін ад аднаго і пайшлі. Новікаў. // Аб прадметах, размешчаных у лінію, доўгі рад. Людзі ўважліва агледзелі доўгую шарэнгу цыстэрн. Лынькоў. Наперадзе цэлай шарэнгай свецяцца агні. Галавач.

2. перан.; каго або якая. Група людзей, аб’яднаных сумеснай дзейнасцю, агульнымі мэтамі, інтарэсамі і пад. Станавіся ў шарэнгі свабодных Будаваць свой разбураны край! Глебка.

•••

У адной шарэнзе з кім — у адным, роўным становішчы з кім‑н. (быць, знаходзіцца і пад.).

[Ад польск. szereg.]

шарэ́нгавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шарэнгі (у 1 знач.). Шарэнгавае пастраенне.

шарэ́ць, ‑эе; незак.

1. Станавіцца шэрым. Твар у .. [Севы] шарэў, калі ў такія хвіліны даводзілася гаварыць з бацькам. Карпаў. Неба шарэла. Было вельмі холадна. Мележ.

2. Выдзяляцца сваім шэрым колерам, віднецца. Пераезд у нізіне ўжо ледзь шарэў у вячэрнім паўзмроку. Быкаў. Зрабілася яшчэ больш цёмна, толькі шарэлі ў цемры шыбы вокнаў. Асіпенка.

3. безас. Світаць або змяркацца. Бярэцца на досвітак. Прыкметна шарэе, але хмары густа зацягваюць і без таго хмурнае неба, — мусіць, будзе мяцеліца. Сачанка. Унізе, ля зямлі, шарэла: надыходзіў вечар — хутка, па-зімоваму, адразу ж пасля паўдня. Пташнікаў.

шар-зо́нд, шара-зонда, М (аб) шары-зондзе, м.

Напоўнены вадародам шар для даследаванняў высокіх слаёў атмасферы пры дапамозе аўтаматычных прыбораў.