Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

злёгку, прысл.

Чуць-чуць, трохі. Сняжком, як пухам лебядзіным, Дарогі злёгку заняло. Бялевіч. Цеплаватае паветра, празрыстае, звонкае, злёгку туманіла галаву. Шыцік.

злёт, злёту, М злёце, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. злятацца — зляцецца.

2. Сход, з’езд прадстаўнікоў якой‑н. масавай арганізацыі або якой‑н. прафесіі. Злёг піянераў. Злёт калгаснікаў-жывёлаводаў.

злётацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Стаміцца, знемагчыся ад беганіны, клопатаў і пад.

злётаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Летучы, пабыць дзе‑н. і вярнуцца назад. Злётаць на самалёце ў Маскву. □ Яна была яшчэ маладая качка. Толькі адзін раз злётала да мора, дзе перажыла зіму. Кірэенка.

2. Разм. Хутка збегаць, з’ездзіць куды‑н. і вярнуцца назад. Маша.. злётала на кухню і вярнулася са шклянкай вады. Шамякін. Дзядзька.. на калгасным жарэбчыку злётаў на паром, быў на станцыі, перапытаў усіх стрэчных... Сачанка.

зліва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. зліваць — зліць.

зліва́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да зліцца.

2. Зал. да зліваць.

зліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зліць.

зліза́цца, зліжацца; зак.

Абл. Стаць тонкім ад доўгага ўжывання, трэння; знасіцца. — О, гэты [плуг], здаецца, Рыгораў. Бач, як злізаўся! Чорны.

зліза́ць, зліжу, зліжаш, зліжа; зак., каго-што.

1. Зняць што‑н. з якой‑н. паверхні, праводзячы па ёй языком. Злізаць сняжынку з губ. // З’есці што‑н., падбіраючы языком. Злізаць смятану. Злізаць масла з хлеба.

2. перан. Разм. Знішчыць, паглынуць (пра агонь, ваду і пад.). Ранішняя зара заняла ўвесь усход і злізала зоры. Чарнышэвіч. Ад бомбы полымя злізала Усё драўляная ў млыне. Астрэйка.

•••

Як карова языком злізала гл. карова.

злі́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. злізваць — злізаць (у 1 знач.).