Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ве́руючы, ‑ага, м.

Той, хто верыць у існаванне бога.

верф, ‑і, ж.

Прадпрыемства, якое будуе і рамантуе судны. Карабельная верф.

[Гал. werf.]

ве́рфавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да верфі.

верх, ‑у, М на версе; вярхі, ‑оў; м.

1. Прастора, якая знаходзіцца над чым‑н.; проціл. ніз. // Верхні бок прадмета пры нармальным яго становішчы; проціл. ніз. Паставіць шафу верхам уніз. // Верхняя частка якога‑н. прадмета; вяршыня, верхавіна. Верх гары. □ Мужчына быў у пляскатай летняй шапцы з шырокім круглым верхам. Чорны. Застаўся цяпер тырчаць [ад сасны] толькі камель з вострым белым верхам. Мележ. Тут верх асіны круглалісты Сплятаўся з хвоямі, з дубамі. Колас.

2. Прыстасаванне над сядзеннем у машыне, фаэтоне і пад., якое засцерагае ад дажджу, сонца, ветру. Машына з брызентавым верхам. Падняць верх. □ Пятро Тадаровіч нацягнуў ужо на свае растрыбушаныя драбінкі верх з пасшываных.. мяшкоў. Чорны.

3. Паверхня зямлі, якога‑н. прадмета ў адносінах да таго, што знаходзіцца ў глыбіні, у сярэдзіне. Бачыць Іван — задыхаецца птушка Нагай, а ўжо і да верху недалёка: нават неба свіціцца. Якімовіч. Гарышны, успамінаючы «добрыя старыя часы», любоўна паляпаў па версе акардэона. Ракітны. // Верхні матэрыял якога‑н. адзення або матэрыял, якім што‑н. пакрыта, абшыта. Драпавы верх паліто. Пасылка з палатняным верхам.

4. перан.; чаго. Вышэйшае дасягненне. Верх майго жадання. □ Вагон-клуб быў верхам спраўджаных імкненняў Данілавых. Шынклер.

5. толькі мн. гл. вярхі.

•••

Браць (узяць) верх над кім‑н. гл. браць.

Знізу (і) да верху — увесь, поўнасцю, цалкам.

Мой (твой, яго, яе і г. д.) верх — я, ты, ён перамог, яна перамагла.

Цераз верх паліць (насыпаць) гл. наліць.

Цераз верх перці гл. перці.

верхаві́на, ‑ы, ж.

1. Верхняя частка чаго‑н. Верхавіна дрэва. □ Сонца ўзышло, але прамені яго асвятлялі пакуль што толькі верхавіны ліп. Брыль.

2. перан. Разм. Найбольш уплывовая, кіруючая частка грамадства, саслоўя, арганізацыі; вярхі. Пануючая верхавіна.

верхаві́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш. да верхавіна (у 1 знач.).

верхаві́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да верхавіны. Верхавінкавае суквецце кукурузы.

верхаві́нне, ‑я, н., зб.

Верхавіны дрэў, раслін. Вецер налягае на лес, гудзе ў верхавінні хвой. Галавач.

верхаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Разм. Той, хто верхаводзіць; заправіла, важак. Па нейкай няпісанай умове вербаўскія дзеці выбралі.. [Яся] сваім верхаводам. Мележ.

верхаво́ддзе, ‑я, н., зб.

Тое, што і верхаводка ​2 (у 2 знач.). На лагу ў яміне, дзе была некалі сажалка і дзе цяпер поўна верхаводдзя — заходзяцца жабы. Пташнікаў.