Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

геліё... (а таксама гелія...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да Сонца, сонечнага выпрамянення, напр.: геліёграф, геліёметр.

ге́лій, -ю, м.

Хімічны элемент, інертны газ — самы лёгкі пасля вадароду.

|| прым. ге́ліевы, -ая, -ае.

гелія... (гл. геліё...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужыв. замест «геліё...», калі націск падае на другую частку, напр.: геліяграфія, геліяскоп, геліятэрапія, геліяўстаноўка.

геліятро́п, -у, м.

1. Садовая травяністая расліна сямейства бурачнікавых з ліловымі ці белымі пахучымі кветкамі.

2. Мінерал цёмна-зялёнага колеру з чырвонымі плямамі і палоскамі.

|| прым. геліятро́пны, -ая, -ае.

геліятэ́хніка, -і, ДМ -ніцы, ж.

Галіна навукі і тэхнікі, тэорыя і практыка выкарыстання сонечнай энергіі для тэхнічных мэт.

|| прым. геліятэхні́чны, -ая, -ае.

гемаглабі́н, -у, м.

Бялковае рэчыва ў складзе крыві, якое надае ёй чырвоны колер і пераносіць кісларод ад органаў дыхання да тканак арганізма.

|| прым. гемаглабі́навы, -ая, -ае.

гемаро́й, -ю, м.

Хвароба, звязаная з застоем крыві ў ніжняй частцы прамой кішкі і расшырэннем вен у выглядзе вузлоў, якія часта выклікаюць крывацёк.

|| прым. гемараіда́льны, -ая, -ае і гемаро́йны, -ая, -ае.

Гемараідальныя шышкі.

Гемаройная кроў.

ген, -а, мн. -ы, -аў, м.

Структурная і функцыянальная адзінка спадчыннасці, якая кантралюе развіццё пэўнай прыкметы ці ўласцівасці.

|| прым. ге́нны, -ая, -ае.

Генная інжынерыя (канструяванне новых спалучэнняў генаў).

ген...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач. генеральны, напр.: генплан, генштаб, генпадрадчык.

гена...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.: які мае адносіны да генаў, напр.: генасістэматыка, генатып, генафонд.