Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

юрысды́кцыя, -і, ж. (спец.).

Правамоцнасць праводзіць суд, рашаць прававыя пытанні.

Валодаць юрысдыкцыяй.

Падлягаць чыёй-н. юрысдыкцыі.

юрыско́нсульт, -а, М -льце, мн. -ы, -аў, м.

Асоба, якая з’яўляецца пастаянным кансультантам ва ўстанове па пытаннях права і выступае абаронцам яе інтарэсаў у юрыдычных арганізацыях.

Ю. фабрыкі.

|| прым. юрыско́нсульцкі, -ая, -ае.

юрыспрудэ́нцыя, -і, ж. (кніжн.).

Сукупнасць юрыдычных навук, а таксама практычная дзейнасць юрыстаў.

юры́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Спецыяліст па юрыдычных навуках, юрыдычных пытаннях.

|| ж. юры́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так (разм.).

юс, -а, мн. -ы, -аў, м.

Назва дзвюх літар у стараславянскім алфавіце, якія абазначалі насавыя галосныя.

Юс вялікі (абазначаў гук «о» насавое). Юс малы (абазначаў гук «е» насавое).

юсты́цыя, -і, ж.

Сістэма судовых устаноў, а таксама сфера іх дзейнасці.

Міністэрства юстыцыі.

ю́трань, -і, ж.

Ранішняя царкоўная служба.

Пайсці на ю.

юхт, -у, М ю́хце, м.

Сорт моцнай і тоўстай спецыяльна апрацаванай скуры.

Боты з юхту.

|| прым. юхто́вы, -ая, -ае.

ю́шка¹, -і, ДМ ю́шцы, мн. -і, -шак, ж.

Металічны кружок або чатырохвугольная пласціна, якімі закладаюць адтуліну ў коміне, каб не выходзіла цёплае паветра.

|| прым. ю́шачны, -ая, -ае.

ю́шка², -і, ДМ ю́шцы, ж.

1. Страва са свежай рыбы з прыправамі; рыбны адвар.

Акунёвая ю.

2. Поліўка (у 1 знач.).

Грыбная ю.

3. Жыжка ва ўсякай страве.

Сёрбай юшку, на дне гушча (з нар.).

4. перан. Кроў (разм.).

Сунуў кулаком у нос і спусціў яму юшку.