Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

о́смій, -ю, м. (спец.).

Хімічны элемент, вельмі цвёрды метал плацінавай групы.

|| прым. о́сміевы, -ая, -ае.

отарыналарынгало́гія і оталарынгало́гія, -і, ж.

Раздзел медыцыны, што займаецца захворваннямі вуха, горла, носа і іх лячэннем.

|| прым. отарыналарынгалагі́чны, -ая, -ае і оталарынгалагі́чны, -ая, -ае.

отарыналарынго́лаг і оталарынго́лаг, -а, мн. -і, -аў, м.

Урач — спецыяліст па отарыналарынгалогіі, оталарынгалогіі.

о́фіс, -а, мн. -ы, -аў, м.

Кантора, канцылярыя, служба.

|| прым. о́фісны, -ая, -ае.

ох, выкл.

1. Выражае пачуццё болю, аблягчэння, здзіўлення.

Ох, якое свежае паветра!

2. Узмацняе слова, да якога прымыкае адно або разам са словамі «як», «які».

Жывецца яму ох як нясоладка.

о́хабень, -бня, мн. -бні, -бняў, м.

Старадаўняе рускае верхняе адзенне ў выглядзе кафтана з чатырохвугольным адкладным каўняром.

о́хра, -ы, ж.

Тое, што і вохра.

|| прым. о́хравы, -ая, -ае.

о́хрыць, -ру, -рыш, -рыць; незак., што (спец.).

Тое, што і вохрыць.