Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

цэлуло́ід, -у, М -дзе, м.

Цвёрдае пластычнае рэчыва з цэлюлозы.

|| прым. цэлуло́ідны, -ая, -ае і цэлуло́ідавы, -ая, -ае.

цэ́лы, -ая, -ае.

1. Такі, ад якога нічога не аддзелена.

На чыстым абрусе ляжаў ц. бохан хлеба.

2. Які поўнасцю ахоплівае што-н. (пра адрэзак часу, месца, прастору).

Ц. тыдзень.

Калона расцягнулася на цэлую вярсту.

3. Аб вялікай колькасці. вялікіх памерах, аб’ёме чаго-н.

Ц. кавалак сала.

Цэлая гара камення.

Ц. мех бульбы.

4. Не пашкоджаны, не знішчаны, не сапсаваны; не зношаны.

Пасля пажару у́ вёсцы хата засталася цэлая.

Чаравікі былі старыя, але цэлыя.

5. Не паранены, здаровы.

Ц. вярнуўся з вайны.

6. у знач. наз. цэ́лае, -ага, н. Што-н. адзінае, непадзельнае.

Адзінае ц.

Цэлы лік або цэ́лае — лік. які складаецца з цэлых адзінак, які не мае дробу.

У цэлым

1) ва ўсёй сукупнасці. цалкам;

2) увогуле, без падрабязнасцей.

цэль, -і, мн. -і, -ей і -яў, ж.

Прадмет, месца, куды накіроўваецца стрэл, удар, кідок; мішэнь.

Страляць у ц.

цэ́льны, -ая, -ае.

1. 3 аднаго рэчыва, з аднаго куска, суцэльны.

Ц. мармур.

Цэльная металічная трубка.

2. Неразбаўлены, натуральны.

Цэльнае малако.

3. перан. Якому ўласціва ўнутранае адзінства.

Ц. характар.

|| наз. цэ́льнасць, -і, ж.

цэлюло́за, -ы, ж.

Рэчыва з хімічна апрацаванай драўніны, сцёблаў некаторых раслін, якое ідзе на выраб паперы, штучнага шоўку, выбуховых сродкаў і пад.; клятчатка.

|| прым. цэлюло́зны, -ая, -ае.

цэме́нт, -у, М -нце, м.

1. Мінеральнае парашкападобнае рэчыва, здольнае ўтвараць з вадой масу, якая хутка зацвердзявае; служыць для вырабу бетону і будаўнічых раствораў.

Ц. баіцца вільгаці.

2. Касцявая тканка, якая пакрывае корань і шыйку зуба.

|| прым. цэме́нтны, -ая, -ае і цэме́нтавы, -ая, -ае.

цэментава́льны, -ая, -ае.

Які служыць, прызначаны для цэментавання.

Ц. агрэгат.

цэментава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны; зак. і незак.

1. што. Заліць (заліваць) цэментам.

2. што. Падвергнуць (падвяргаць) цэментацыі (у 1 і 3 знач.).

3. перан., каго-што. Згуртаваць (гуртаваць), з’яднаць (яднаць).

Ц. рады аднадумцаў.

|| зак. яшчэ зацэментава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны (да 1 знач.) і сцэментава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны.

|| наз. цэментава́нне, -я, н. (да 1 знач.).

цэмента́цыя, -і, ж. (спец.).

1. Спосаб умацавання грунтоў, бетонных кладак і пад. шляхам увядзення ў іх пад ціскам вадкага цэментнага раствору.

Ц. скважын.

2. Працэс здабывання з раствораў золата, серабра, медзі іх выцясненнем (як больш электрададатных) менш высакароднымі металамі (менш электрададатнымі).

3. Насычэнне паверхні малавугляроднай сталі вугляродам пры высокай тэмпературы з мэтай стварэння цвёрдага паверхневага слоя.

4. Геалагічны працэс счаплення састаўных частак горнай пароды растворанымі мінеральнымі рэчывамі.

|| прым. цэментацы́йны, -ая, -ае.

цэ́насны гл. цана.