расплаці́цца, -плачу́ся, -пла́цішся, -пла́ціцца; зак.
1. з кім-чым. Заплаціць грошы каму-н. за што-н., разлічыцца за паслугі.
Р. з даўгамі.
2. перан., з кім. Адпомсціць, разлічыцца за прычыненую крыўду.
Р. з ворагам.
3. перан. Панесці пакаранне за што-н.
Здраднік расплаціўся за свае дзеянні.
|| незак. распла́чвацца, -аюся, -аешся, -аецца.
|| наз. распла́та, -ы, ДМ -пла́це, ж.
распле́сці, -пляту́, -пляце́ш, -пляце́; -пляцём, -плецяце́, -пляту́ць; расплёў, -пляла́, -ло́; -пляці́; -пле́цены; зак., што.
Распусціць што-н. сплеценае; разняць.
Р. касу.
Р. вянок.
|| незак. расплята́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
распле́сціся, 1 і 2 ас. не ўжыв., -пляце́цца; расплёўся, -пляла́ся, -ло́ся; зак.
Распусціцца (пра што-н. сплеценае).
Каса расплялася.
|| незак. расплята́цца, -а́ецца.
расплы́сціся і расплы́цца, -плыву́ся, -плыве́шся, -плыве́цца; -плывёмся, -плывяце́ся, -плыву́цца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паплысці ў розныя бакі.
Гусі расплыліся па возеры.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разысціся пад уздзеяннем вільгаці, вады.
Літары расплыліся, нічога нельга разабраць.
3. перан. Страціць выразнасць ліній, абрысаў.
У цемрадзі расплыліся абрысы гор.
4. перан. Распаўнець, страціць стройнасць фігуры (разм.).
Р. на старасці гадоў.
5. З’явіцца на твары (пра ўсмешку).
На твары расплылася лагодная ўсмешка.
|| незак. расплыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
расплы́ўчаты, -ая, -ае.
1. Які не мае выразна акрэсленых абрысаў.
Расплыўчатыя абрысы гор.
2. перан. Невыразны, няпэўны, няясны.
Р. адказ вучня.
|| наз. расплы́ўчатасць, -і, ж.
распо́кнуцца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -нецца; зак. (разм.).
Пра пупышкі, пераспелыя плады: распусціцца, лопнуць.
Пупышкі на вярбе распокнуліся.
|| незак. распо́квацца, -аецца.
распо́р, -у, м. (спец.).
У збудаваннях і канструкцыях: ціск, які пашыраецца ў гарызантальным напрамку пад уздзеяннем сіл, якія дзейнічаюць у вертыкальным напрамку.
|| прым. распо́рны, -ая, -ае.
распо́рак, -рка, мн. -ркі, -ркаў, м.
Фасонны разрэз у верхнім адзенні; распорка.
Фрэнч з распоркамі ззаду.
распо́рвацца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -аецца; незак.
Тое, што і пароцца².
распо́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.
1. Брус, планка для надання ўстойлівасці часткам збудаванняў, для захавання чаго-н. у пэўным становішчы.
Р. для лыжаў.
2. Тое, што і разрэз, распорак.
На ім быў кароткі кажушок з аблямаванай распоркай ззаду.
3. Разарванае па шве месца.
Яго шапка была скрозь з распоркамі.
|| прым. распо́рачны, -ая, -ае.