Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

паса́д, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

1. У 10—18 стст. гандлёва-рамесніцкая частка горада, звычайна па-за гарадской сцяной, у Кіеўскай Русі, Вялікім Княстве Літоўскім, Расійскай дзяржаве.

У горадзе Полацку было шэсць пасадаў.

2. Прыгарад, прадмесце (уст.).

3. У вясельным абрадзе: месца (звычайна дзяжа, пакрытая кажухом), куды садзяць нявесту, часам і жаніха.

|| прым. паса́дскі, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Пасадскія людзі (рамеснікі і гандляры ў гарадах Старажытнай Русі).

паса́да, -ы, ДМ -дзе, мн. -ы, -са́д, ж.

Службовае месца.

П. старшыні.

Штатная п.

пасаджо́ны, -ая, -ае.

Які выконвае ролю бацькоў жаніха або нявесты ў народным вясельным абрадзе.

П. бацька.

Пасаджоная маці.

пасадзе́йнічаць гл. садзейнічаць.

пасадзі́ць гл. садзіць.

паса́дка, -і, ДМ -дцы, мн. -і, -дак, ж.

1. гл. садзіць.

2. мн. Месца, на якім пасаджаны расліны.

Пасадкі маладога сасонніку.

3. Спуск і прызямленне лятальнага апарата.

Мяккая п.

Вымушаная п.

Ісці, заходзіць на пасадку.

4. Манера, спосаб трымацца ў сядле.

Кавалерыйская п.

|| прым. паса́дачны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.).

П. матэрыял.

Пасадачная платформа.

паса́днік, -а, мн. -і, -аў, м.

Намеснік князя ў Старажытнай Русі, таксама выбарны галава грамадзянскай адміністрацыі ў феадальных рэспубліках.

Княжацкі п.

Пскоўскі п.

|| ж. паса́дніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

|| прым. паса́дніцкі, -ая, -ае.

паса́ж¹, -а, мн. -ы, -аў, м.

Крытая галерэя з гандлёвымі памяшканнямі.

|| прым. паса́жны, -ая, -ае.

паса́ж², -у, мн. -ы, -аў, м.

Частка музычнага твора, звычайна віртуознага характару.

Іграць цяжкі п.

пасажы́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

Чалавек, які ажыццяўляе паездку на цягніку, параходзе або іншым відзе транспарту.

|| ж. пасажы́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак.

|| прым. пасажы́рскі, -ая, -ае.

П. параход.