пала́с, -а, мн. -ы, -аў, м.
Двухбаковы дыван без ворсу.
|| прым. пала́сны, -ая, -ае.
паласа́, -ы́, мн. пало́сы і (з ліч. 2, 3, 4) паласы́, -ло́с, ж.
1. Доўгая роўная лінія (на малюнку, чарцяжы), след на якой-н. паверхні ад чаго-н.; доўгая вузкая частка якой-н. прасторы.
Чырвоныя і сінія палосы на хустцы.
П. на целе ад удару.
П. дыму.
2. Працяглы ўчастак чаго-н., пояс.
Гліністая п.
Прыфрантавая п.
3. Невялікі вузкі ўчастак ворнай зямлі сялянскага надзелу (гіст.).
4. Старонка ў наборы, у друкаваным выданні (спец.).
Газетная п.
5. перан. Прамежак часу, перыяд.
Самая шчаслівая п. яго жыцця.
6. перан. Настрой, стан.
Змрочная п. найшла на яго.
|| памянш. пало́ска, -і, ДМ -ло́сцы, мн. -і, -сак, ж. (да 1—3 знач.).
Тканіна ў палоску.
|| прым. пало́сны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.) і паласны́, -а́я, -о́е (да 1 і 4 знач.; спец.).
пала́савацца гл. ласавацца.
пала́саваць гл. ласаваць.
паласава́ць, -су́ю, -су́еш, -су́е; -су́й; незак.
1. што. Рэзаць на палосы (спец.).
П. жалеза.
2. каго-што. Біць, пакідаючы рубцы, палосы на целе (разм.).
|| зак. спаласава́ць, -су́ю, -су́еш, -су́е; -су́й; -сава́ны (да 2 знач.) і распаласава́ць, -су́ю, -су́еш, -су́е; -су́й; -сава́ны (да 1 знач.).
|| наз. паласава́нне, -я, н. (да 1 знач.).
паласавы́, -а́я, -о́е (спец.).
Які вырабляецца ў выглядзе палос ці служыць для вырабу іх.
Паласавое жалеза.
П. стан.
паласа́ты, -ая, -ае.
Пакрыты палосамі; з афарбоўкай у палоску.
Паласатая тканіна.
Паласатыя шпалеры.
|| наз. паласа́тасць, -і, ж.
паласка́льніца, -ы, мн. -ы, -ніц, ж.
Пасудзіна для мыцця кубкаў, шклянак і пад.
паласка́нне, -я, мн. -і, -яў, н.
1. гл. паласкаць.
2. Лекавая вадкасць, якой палошчуць горла, рот.
Цёплае п.
паласка́цца, -лашчу́ся, -ло́шчашся, -ло́шчацца; -лашчы́ся; незак.
1. Плюхацца ў вадзе, купаючыся.
Дзеці палошчуцца ў возеры.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Трапятацца на ветры.
Палошчуцца сцягі.