Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

кучма́, -ы́, мн. ку́чмы, -аў, ж.

1. Пра пышныя, густыя валасы.

На галаве к. густых чорных валасоў.

2. перан. Пра густую зелень.

Кроплі расы на кучмах хвоек.

ку́чны, -ая, -ае.

Які харакгарызуецца густым размяшчэннем на невялікай тэрыторыі.

Кучныя ўсходы морквы.

К. палёт шроту.

|| наз. ку́чнасць, -і, ж.

кучо́мка, -і, ДМ -мцы, мн. -і, -мак, ж.

Шапка футрам наверх.

К. на вочы напаўзае.

|| прым. кучо́мачны, -ая, -ае.

куш, -а, м. (разм.).

1. Стаўка ў картачнай гульні.

Сарваць добры к.

2. Вялікая колькасць грошай.

Разлічваць на вялікі к.

кушне́р, -няра́, мн. -няры́, -няро́ў, м.

Майстар, які вырабляе шкуры пушных жывёл на футра.

|| ж. кушне́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак.

|| прым. кушне́рскі, -ая, -ае.

кушне́рны, -ая, -ае.

Звязаны з вырабам футра са шкур.

Кушнерная фабрыка.

кушчэ́нне гл. кусціцца.

кушэ́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

Невялікая канапа з узгалоўем, але без спінкі.

|| прым. кушэ́тачны, -ая, -ае.

ку-ка-рэ́-ку, выкл. гукаперайм.

Ужыв. для абазначэння крыку пеўня.

ку-клукс-кла́н, -а, м.

Тэрарыстычная расісцкая арганізацыя ў ЗША.

|| прым. куклукскла́наўскі, -ая, -ае.