Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

каланізава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; -зу́й; -зава́ны; зак. і незак., што.

1. Захапіўшы чужую краіну, ператварыць (ператвараць) у калонію (у 1 знач.).

2. Засяліць (засяляць) свабодныя землі перасяленцамі, каланістамі.

|| наз. каланіза́цыя, -і, ж.

|| прым. каланізацы́йны, -ая, -ае.

каланіза́тар, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Той, хто праводзіць палітыку каланіялізму.

2. Той, хто засяляе пустуючыя землі; пасяленец, каланіст (уст.).

|| прым. каланіза́тарскі, -ая, -ае.

калані́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Жыхар калоніі (у 2 і 4 знач.).

|| ж. калані́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

|| прым. калані́сцкі, -ая, -ае.

калані́ца, -ы, ж. (разм.).

Калёсная мазь (часцей адпрацаваная).

каланіялі́зм, -у, м.

Палітыка каланіяльнага прыгнёту.

|| прым. каланіялі́сцкі, -ая, -ае.

каланія́льны гл. калонія.

калано́к, -нка́, мн. -нкі́, -нко́ў, м.

Драпежны пушны звярок сямейства куніцавых, а таксама яго футра.

|| прым. каланко́вы, -ая, -ае.

каланча́, -ы́, мн. -ы́, -э́й, ж.

Дазорная вышка над будынкам пажарнай часці.

Пажарная к.

кала́пс, -у, м.

1. Раптоўнае зніжэнне сардэчнай дзейнасці, якое суправаджаецца слабасцю, часам стратай прытомнасці і пагражае смерцю (спец.).

2. перан. Крах, разбурэнне якой-н. структуры ў выніку поўнага крызісу сістэмы.

Эканамічны к.

калара́дскі,

У выразе: каларадскі жук — буравата-жоўты з чырвонымі палоскамі бульбяны шкоднік сямейства лістаедаў, які аб’ядае лісце бульбы і іншых паслёнавых культур.