зяць, -я, мн. зяці́, -ёў, м.
Муж дачкі.
|| памянш. зяцёк, -цька́, мн. -цькі́, -цько́ў і зя́цейка, -і, -аў, м.
з-за, прыназ. з Р.
1. Ужыв. пры абазначэнні напрамку, руху адкуль-н., з месца, закрытага чым-н., з супрацьлеглага боку чаго-н.
Выглядваць з-за дзвярэй.
Дом віднеецца з-за агароджы.
Вылезці з-за стала.
2. Ужыв. пры ўказанні на прычыну, падставу дзеяння або пры ўказанні на асобу, што з’яўляецца прычынай чаго-н.
Спрачацца з-за дробязей.
З-за яго столькі непрыемнасцей.
з-над, прыназ. з Р.
Ужыв. пры абазначэнні прадмета ці месца, зверху або з верхняй часткі якога накіравана дзеянне.
З-над Прыпяці даносілася песня.
з-пад і (перад збегам зычных) з-па́да, прыназ. з Р.
1. Абазначае накіраванасць дзеяння з якога-н. месца, што знаходзіцца пад чым-н.
Выбрацца з-пад снегу.
2. Абазначае накіраванасць дзеяння, паяўлення з якога-н. месца, што знаходзіцца каля чаго-н.
Прыехалі з-пад Баранавіч.
3. Указвае на вызваленне ад якога-н. становішча, стану і пад.
Выйсці з-пад агню.
Уцячы з-пад варты.
4. Указвае на былое прызначэнне прадмета як ёмішча для чаго-н.
Бутэлька з-пад малака.
і¹, злуч.
1. спалучальны. Злучае аднародныя члены сказа, а таксама часткі складаназлучанага сказа.
Мір і дружба.
На дварэ было і сыра, і холадна.
Пачатак быў зроблены, і, трэба сказаць, пачатак нядрэнны.
2. пералічальны. Злучае асобныя члены пералічэння.
І шыла, і мыла, і прала, і ткала — і ўсё языком (з нар.).
3. выніковы. Злучае сказы, якія суадносяцца як дзеянне і вынік.
Прайшоў дождж, і трава адразу зазелянела.
4. супраціўны. Злучае сказы і члены сказа ў супраціўным паведамленні.
Мужчына, і плача.
Ён хацеў стаць на ногі і ўпаў.
5. уступальны. Ужыв. ў знач., блізкім да злучніка «хоць» («хаця»).
І не складаная задача, а падумаць над ёй трэба.
і², часц.
1. Ужыв. для ўзмацнення сэнсу таго слова, перад якім стаіць.
Не магла і падумаць пра гэта.
2. Вылучае наступнае слова; па знач. адпавядае часціцы «нават».
І сцены вушы маюць.
3. Адпавядае па знач. часціцы «таксама».
Будзе і на нашай вуліцы свята (прымаўка).
і³, выкл. (часта вымаўляецца працяжна).
Выражае высокую ступень якога-н. пачуцця: нязгоды, пярэчання і інш.
І-і-і, мае дарагія, усё гэта не так.
іанасфе́ра, -ы, ж. (спец.).
Верхні слой зямной атмасферы, насычаны іонамі і свабоднымі электронамі.
|| прым. іанасфе́рны, -ая, -ае.
іанізава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; зак. і незак., што (спец.).
Вы́клікаць (выкліка́ць) іанізацыю; насыціць (насычаць) іонамі.
І. газ.
іаніза́цыя, -і, ж. (спец.).
Утварэнне іонаў у якім-н. асяроддзі.
І. паветра.
|| прым. іанізацы́йны, -ая, -ае.