Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Га́ла1 (ж. р.) ’голае месца’ (БРС), ’прастора між лесу’ (Сцяшк. МГ), ’лапіна’ (Шатал.), га́ла (н. р.) ’балотная сенажаць, чыстая ад зарасніку’ (Шат.), гал ’прагаліна ў лесе’ (Бяльк., Яшкін). Слова гэта вядома галоўным чынам ва ўсх.-слав. мовах (перш за ўсё на Палессі) і часткова ў зах.-слав.

Га́ла2 ’круглы ком, шар (скручаны)’ (БРС), га́лка ’невялікая гала’ (Нас.). Паводле Бернекера (1, 301) і Фасмера (1, 388), этымалагічна звязаны рус. га́лка ’шкляная гала’, галу́шка, укр. га́лка, галу́шка, бел. га́лы ’вочы; ягадзіцы’, славен. gâłka ’чарнільны арэшак’, славац. hálka ’галка, невялікая гала, вярхушка вежы’, польск. gałka ’гала, булавешка і г. д.’, gały ’вочы’. Але, як мяркуе Фасмер (там жа), вывядзенне гэтай групы слоў з позняга с.-в.-ням. galle (< лац.) няпэўнае (насуперак Міклашычу, 50; Бернекеру, 1, 292; Праабражэнскаму, 1, 117 і інш.) і, прынамсі, частка гэтых слоў, магчыма, спрадвечна славянскага паходжання (так Ільінскі, RS, 6, 217; Патабня, РФВ, 3, 163). Гл. яшчэ меркаванні Слаўскага (253), які таксама бачыць тут славянскае ўтварэнне (магчыма, да *golъ ’голы’; тлумачэнне семантыкі ў Слаўскага). Магчыма, сюды і га́лы ’ягадзіцы’ (Нас.), хоць не выключаецца і сувязь гэтага слова з *golъ ’голы’. Для бел. слова крыніцай, відаць, з’яўляецца польск. gałka. Аб гэтым сведчыць ст.-бел. кгалка, галка ’прадмет круглай формы’ (слова вядома ў помніках XVI ст.). Гл. Булыка, Запазыч., 147.

Галава́. Слова прасл. паходжання: рус. голова́, укр. голова́, польск. głowa, чэш., славац. hlava, ст.-слав. глава, балг. глава́, серб.-харв. гла́ва і г. д. Прасл. *golva (acc. sg. *golvǫ). Роднасныя: літ. galvà, ст.-прус. galwan (acc. sg.). Далейшыя сувязі няпэўныя. Падрабязны агляд версій гл. Фасмер, 1, 429; Слаўскі, 1, 292–293. У якасці геаграфічнай назвы ў бел. мове вядома галава́ ’паўвостраў на павароце рэчкі; калена ракі’ (Яшкін). Прасл. golva дае шмат вытворных праславянскага характару: галава́, галаве́нь, галаві́зна, галаўня́.

Галаварэ́з (БРС, Нас.), рус. головоре́з ’тс’. Утварэнне ад *golova + *rězati. Фармальна з гэтым словам супадае галаварэ́з ’царкоўнае свята адсячэння галавы Іаана Хрысціцеля’ (Нас.). У Шаталавай у гэтым значэнні зафіксавана галаварэ́зы. Параўн. і ўкр. дыял. головосі́к (таксама головосі́ки — мн. л.), головстве́ння (гл. Грынч.). Гэта, відавочна, калька царкоўнага ’паходжання. Але адкуль?

Галаваця́п (БРС). Як і ўкр. головотя́п, запазычанне з рус. мовы. У рус. мове. гэта слова зафіксавана з 1869 г. (аўтарам яго з’яўляецца Салтыкоў–Шчадрын). Гл. Шанскі, 1, Г, 119.

Галава́ч. У бел. мове гэта слова мае некалькі значэнняў: ’раскідзістае дрэва на адкрытым месцы’ (Сцяшк. МГ), ’вялікая сасна на полі; векавы лес’ (Яшкін), ’апалонік (паўзуны)’ (Сцяшк. МГ, Шатал., Жд. 3), ’галавень’ (Жд. 2). Таксама шмат вытворных з такой суфіксацыяй і рознымі значэннямі і ў іншых слав. мовах (падрабязны агляд матэрыялу дае Трубачоў, Эт. сл., 7, 7, але бел. мова прадстаўлена толькі прыкладам на ’апалонік’ з Жд. 3). Прасл. фармацыя *golvačь (ад *golva ’галава’ + суф. ‑(a)č‑ь). У аснове назвы ляжыць прыкмета ’вялікай галавы’ (сюды ’апалонік’ і ’галавень’). Далей метафарызацыяй узнікае ’раскідзістае дрэва’ (’з вялікай кронай’), ’вялікая сасна’ і, урэшце, ’векавы лес’. Можна ставіць пытанне: ці ўсе слав. словы, якія прыводзіць Трубачоў пад праформай *golvačь, праславянскага паходжання? Даная словаўтваральная мадэль ва ўсе часы была прадуктыўнай (і ў перыяд самастойнага існавання асобных слав. моў). Так што лепш гаварыць пра словаўтваральную мадэль *golvačь праславянскага характару.

Галаве́нь ’назва рыбы’ (БРС, Касп., Шат., Нас.). Параўн. рус. дыял. смал. голави́нь ’тс’. Паколькі гэтыя назвы ізаляваныя (сувязь з назвамі тыпу рус. дыял. головня́ ’галавень’ няпэўная, таму што рус. слова ж. р.), то, здаецца, пераконвае меркаванне Трубачова (Эт. сл., 7, 10) пра сувязь рус. голавинь з назвамі тыпу рус. гола́вль, голо́вль, го́лове́ль, укр. голове́ль ’тс’. Калі гэта так, мы можам прыняць дысіміляцыю л — л > л — н (*галаве́ль > галаве́нь). Зыходнай формай, якой Трубачоў надае статус праславянскай, з’яўляецца *golvjь (вытворнае з суф. ‑jь ад *golva ’галава’).

Галаве́нька1 ’апалонік (паўзун)’ (Шатал.). Наўрад ці ёсць сувязь са словамі тыпу галаве́нь (назва рыбы з вялікай галавой) ці галаве́нька ’спарыння’ (Шатал.). Хутчэй за ўсё трэба думаць пра нейкую кантамінацыю розных па значэнню, але падобных па форме слоў (*golv‑ ’галава’). А можа, гэта памяншальная форма (суф. ‑енька) ад галава?

Галаве́нька2 ’галавешка’ (Шатал.). Па паходжанню гэта памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка, факел і да т. п.’ (асноўная форма бел. *галаўня зафіксавана ў бел. мове вельмі слаба; яе няма ў большасці слоўнікаў; Трубачоў (Эт. сл., 7, 12) прыводзіць бел. галаўня, але адкуль?). Прасл. *golvьńa (рус. головня́, укр. голо́вня, польск. głownia, чэш. hlavně, hlaveň, ст.-слав. главьнꙗ, балг. главня́, серб.-харв. гла́вња і г. д.) лічыцца звязаным з прасл. *golva ’галава’ (г. з. н. першапачаткова ’галоўка палена, што гарыць’). Гл. Фасмер, 1, 429–430 (там і агляд ранейшай літ-ры). Менш пераконвае сувязь са ст.-інд. jurvati ’паліць’, jūrṇíṣ ’жар’ і г. д. Іншыя этымалогіі яшчэ больш няпэўныя. Падрабязны агляд славянскіх форм і абгрунтаванне сувязі з *golva гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 12–13.

Галаве́шка (БРС, Касп., Сцяшк. МГ, Нас., Шат.). Па паходжанню гэта спачатку памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка’, утвораная суфіксам *‑eš‑ьka (параўн. суф. *‑exa). Суфіксы з элементам x звычайна злучаюцца са словамі ў іх усечанай форме (звычайна выпадае склад або толькі зычны). Калі асноўнае слова (*галаўня) знікла з ужытку, у яго функцыі распаўсюдзілася вытворнае галавешка (таксама галавешка, гл.; але гэта апошняе толькі ў частцы дыялектаў).

Галаві́зна ’галавізна’ (БРС), ’прыдатныя да яды часткі галавы жывёлы’ (Шат.). Вытворнае прасл. характару ад *golva ’галава’ (суф. ‑izna). Прасл. *golvizna з рознымі значэннямі вядома не ва ўсіх слав. мовах, але размеркаванне гэтага слова такое (ст.-слав., славен., чэш., славац., польск., рус., бел.), што дазваляе думаць пра яго прасл. характар, але, магчыма, толькі як марфалагічнае ўтварэнне (значэнні слоў, наогул, маюць дачыненне да галавы, але канкрэтная іх семантыка не дазваляе зыходзіць з аднаго прасл.). Падрабязны агляд форм і значэнняў *golvizna па слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 10.

Галадава́ць. Гл. галадаць.