Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Га! выклічнік, які ўжываецца ў розных функцыях: 1. водгук (Нас., Касп., Сцяшк.); 2. пытанне, кліканне (Нас., Касп., Шат., Бяльк.); 3. пагарда (Нас.). Для абазначэння розных псіхалагічных станаў гэты выклічнік ужываецца і ў іншых слав. мовах. Параўн. рус. га!, укр. га!, польск. ha!, чэш. ha! і г. д. Прымарны выклічнік, вядомы таксама ў іншых індаеўрапейскіх і неіндаеўрапейскіх мовах (ням. ha!, франц. ha!, лац. ha!, грэч. , ст.-інд. ha). Гл. Слаўскі, 389–390; Рудніцкі, 513.

Га ’гектар’ (РБС), рус. га, укр. га. Запазычанне (праз рус. мову) новага часу з франц. ha ’тс’ (якое з’яўляецца скарачэннем слова hectare ’гектар’). Параўн. Шанскі, 1, Г, 3 (у рус. мове слова фіксуецца з 1932 г.).

Габ ’вяз, Ulmus’ (Весці, 1969, 4, 125), габіна ’вяз гладкі, звычайны, Ulmus laevis L.’ (Гродз. Ан.; Кіс.) — Кіс., 135. Польск. gab, gabina ’тс’. Раней лічылі, што гэтыя слав. словы роднасныя з літ. guobà, gúobas ’тс’, лат. guôba (і далей з слав. назвамі дрэў *gabrъ, *grabrъ, *grabъ). Параўн. Буга (Rinkt., 1, 604), які параўноўвае слав. *gabrъ, польск. gab, gabina з балт. словамі і аддзяляе *grabъ (II, 104, 340; Фрэнкель, 1, 176–177). Непакупны (Лекс. балтызмы, 29) указвае, што польск. словы лакалізуюцца ў гаворках Аўгустоўскага павета па суседству з Гродзеншчынай. Польск. і бел. словы ўтвараюць пэўны арэал каля паўднёвай граніцы Літвы і з’яўляюцца запазычаннем з літ. мовы. Застаецца няясным пытанне пра шлях запазычання ў бел. мову (прама з літ. мовы ці праз польск.). Таксама няясна, як утварылася вытворнае габіна самастойна (ад габ) ці гэта запазычанне з польск. gabina? Формы габ могуць адлюстроўваць літ. gúobas, а габіна, gabina (< *gaba?), магчыма, узыходзяць да літ. guobà (для тыпу габіна гэта меркаванне не абавязковае: габіна можа быць утворана прама ад габ, а не ад габа).

Габары́т (БРС). Рус. габари́т, укр. габари́т. Запазычанне з франц. мовы gabarit. У гэтай форме слова вядома ў рус. мове ўжо з 1891 г. Гл. Шанскі, 1, Г, 4. Непасрэднай крыніцай запазычання для бел. слова з’яўляецца, відаць, рус. габарит.

Габа́ць ’хапаць, браць’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр. га́бати ’хапаць’, рус. дыял. габа́ться ’борацца’, чэш. habati, славац. habať ’хапаць’ і г. д. Агляд форм і семантыкі ў Трубачова (Эт. сл., 6, 76–77), які прымае магчымую сувязь з літ. gobė́ti ’жадаць’ і з утварэннямі тыпу *xapati. Гл. Слаўскі, 1, 243.

Габеле́н, габеле́навы (БРС). Рус. гобеле́н, укр. гобеле́н. Запазычанне з франц. gobelin ’тс’ (якое зыходзіць да ўласнага імя Gobelin). Параўн. Клюге, 263; MESz, 1, 1067. Фасмер (1, 423) дапускае магчымасць запазычання праз ням. мову. Рус. гобеле́н вядома ўжо ў 1835 г. (гл. Шанскі, 1 (4), с. 111). Яно, мабыць, было непасрэднай крыніцай бел. слова.

Габёлак ’рубанак’. Гл. гэ́бель.

Габіна ’вяз звычайны’. Гл. габ.

Габіне́т уст. ’кабінет’ (БРС). Укр. дыял. габіне́т. Запазычанне з польск. gabinet ’тс’, а гэта з іт. gabinetto ’тс’ (Слаўскі, 244; Брукнер, 130). Параўн. кабіне́т.

Га́біт ’манаскае адзенне ўвогуле і асабліва ў каталіцкіх манахаў’ (Нас.), Укр. га́біт, габит (з XVII–XVIII стст.). Запазычанне з польск. habit ’тс’ (вядомага з XVI ст.) < лац. habitus ’тс’ (Слаўскі, 390; Кюнэ, Poln., 55). Параўн. яшчэ Рудніка (515), які ўкр. словы выводзіць прама з лац. У ст.-бел. мове ў XVIII ст. засведчана габитъ ’выгляд, аблічча’ < лац. habitus ’тс’ (гл. Булыка, Запазыч., 76). Лац. слова пранікла ў многія еўрап. мовы. Параўн. Слаўскі, там жа; MESz, 2, 9. Сюды ж га́бітнік ’ксёндз, які ходзіць у габіце’ (Нас.). Паколькі гэтага слова няма ў польск. мове, то яго трэба лічыць беларускім утварэннем ад запазычанага га́біт.

Га́блі ’вілкі з тупымі зубамі для насыпання бульбы’ (КЭС), ’вілы з густа пастаўленымі зубамі’ (Сцяшк.), укр. га́блі, ка́блі ’вілы з трыма зубамі’. Першакрыніцай з’яўляецца ням. Gabel ’тс’. Рудніцкі (778) прымае для ўкр. непасрэднае запазычанне з ням., а Шалудзька (Нім., 28) мяркуе пра пасрэдніцтва польск. gabel.