Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Га́ўбіца ’гаўбіца’ (БРС). Рус. га́убица ’тс’ (раней і гоубица), укр. га́убиця. Фасмер (1, 397) мяркуе, што гэта запазычанне з ням. Haubitze ’тс’. Шанскі (1, Г, 38–39) мяркуе, што непасрэдна слова было ўзята з польск. haubica (так і ў Слаўскага, 1, 411).

Га́ўкаць ’гаўкаць’ (БРС, Касп., Шат., Сл. паўн.-зах.). Рус. га́вкать, укр. га́вкати, балг. га́вкам, чэш. дыял. havkať і г. д. Утварэнне суфіксам ‑к‑ ад гукапераймальнага гав‑ (без ‑к‑ таксама адзначаюцца формы ў слав. мовах: чэш. дыял. havat ’гаўкаць’). Гл. Шанскі, 1, Г, 4; Фасмер, 1, 379; Слаўскі, 1, 410; Трубачоў, 6, 110.

Га́ўрык ’уласнае імя Гаўрыла’, ’ілгун’ (Бяльк.). Рус. Га́врик ’тс’, га́врик ’прасцяк, хітрун, хлапец’. У аснове ляжыць запазычанне з грэч. імя Γαβριήλ (гл. Фасмер, 1, 379). Пераход уласнага імя ў катэгорыю агульных назваў вядомы ў многіх мовах.

Гаўст ’глыток’ (Нас.). Запазычанне з польск. haust ’тс’ (а гэта з лац. haustus). Гл. Кюнэ, Полн., 57.