Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гі́ба ’мера палатна па даўжыні асновы ад аднаго вугла сцяны да другога, каля 4–6 метраў’, гіба́ ’тс’ (Сцяц.), гі́ба (Сл. паўн.-зах., Шатал.). Да гіба́ць ’гнуць’ (гл.). Параўн. таксама гіба́ті ’складаць палатно гармонікам (пры адбельванні)’ (Сл. паўн.-зах.).

Гіба́ла ’бабка, абрубак дрэва, на якім бондар гне абручы’ (Бяльк.). Рус. дыял. гиба́ло ’тс’. У іншых слав. мовах значэнне адпаведных слоў адхіляецца ад семантыкі ва ўсх.-слав. лексемах. Да *gybati ’гнуць’ (гл. гіба́ць), суф. *‑dlo. Прасл. тып утварэння, агляд у Трубачова, Эт. сл., 7, 216 (пад *gybadlo).

Гіба́ць ’гнуць’ (БРС, Нас., Сл. паўн.-зах.), ’мясіць, рабіць (каравай)’ (Сцяц.). Адносіцца да прасл. *gybati (апафанічная форма да *gъbnǫti : *gubiti): рус. дыял. гиба́ть, укр. дыял. гиба́ть, польск. дыял. gibać, серб.-харв. ги́бати, ст.-слав. гыбати і г. д. (падрабязны агляд форм і дыскусія ў Трубачова, Эт. сл., 7, 216–217). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 404; Слаўскі, 1, 274–275.

Гі́бель ’гібель’ (БРС, Касп., Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Ужываецца і як прыслоўе ’безліч’. Рус. ги́бель, укр. ги́бель, ги́біль, ст.-слав. гыбѣль, балг. ги́бел, серб.-харв. ги́бељ і г. д. Няма ў зах.-слав. мовах. Прасл. дыял. *gybelь, *gybělь (вытворнае з суф. ‑elь, ‑ělь ад *gyběti, *gybiti). Трубачоў, Эт. сл., 7, 217; Фасмер, 1, 404; Слаўскі, 1, 283–284. Недакладна Шанскі, 1, Г, 66 (польск. gibiel сюды не адносіцца, гл. у Слаўскага, там жа).

Гібе́ць ’гібець, прападаць’ (БРС, Шат., Сл. паўн.-зах.). Укр. ги́біти, рус. дыял. гибе́ть ’старанна займацца чым-н.’, ст.-чэш. hyběti ’гінуць’, серб.-харв. (XV ст.) gibjeti ’гінуць’, дыял. ги́бети ’моцна жадаць’. Прасл. *gyběti ’тс’ (роднаснае з *gybnǫti, *gybati). Трубачоў, Эт. сл., 7, 217–218.

Гі́беш, гі́бяш (мн. л. гібяжы́) ’цяглі’, ґібяжы ’загнутыя канцы палазоў у санях’ (Сл. паўн.-зах.). Відавочна, да прасл. *gybežь; параўн. рус. дыял. гибёж ’гнуццё, ’выгнутая частка прадмета’, славен. gibežljȉv ’спрытны, спраўны’. Трубачоў (Эт. сл., 7, 217) выстаўляе прасл. *gybežь, але без бел. матэрыялу.

Гі́бкі ’гібкі’ (БРС, Шат., Бяльк.), ’багністы’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ги́бкий, польск. gibki, серб.-харв. ги̏бак і г. д. Прасл. *gybъkъ — утварэнне з суф. ‑ъkъ ад *gybati (гл. гіба́ць). Падрабязны агляд і матэрыял у Трубачова, Эт. сл., 7, 219. Параўн. Фасмер, 1, 404; Слаўскі, 1, 275.

Гібры́д ’гібрыд’ (БРС). Запазычанне (відаць, праз рус. гибри́д) з ням. мовы (Hybride; першакрыніцай з’яўляецца лац. hybrida ’падвойнага паходжання’ < грэч.). Параўн. Шанскі, 1, Г, 67.

Гіга́нт ’гігант’ (БРС). Рус. гига́нт, укр. гіга́нт. Паводле Шанскага (1, Г, 67–68), для рус. мовы крыніцай з’яўляецца грэч. γίγας, ‑αντοςрус. мове з XIV ст. ужо ў форме гигантъ). Фасмер (1, 404–405) мяркуе, што ў новыя часы рус. мова запазычыла гэта слова з ням. Gigant. Для бел. і ўкр. непасрэднай крыніцай была, здаецца, рус. мова.

Гігель1, лаянкавае слова («Гі́гель ты!»). Магчыма, звязана з гіге́ль ’палявы хвошч’ (гл.).

Ґі́ґель2 ’хвошч’ (віц., Янк. Мат.), гі́гель ’палявы хвошч, Equisetum arvense’ (Касп.), ґіґе́ль, ґіґі́ль (Сл. паўн.-зах.). Паводле Непакупнага (Лекс. балтызмы, 29), гэта запазычанне з літ. gegė̃lis, gigė̃lis ’тс’. Здаецца, звязаным з гэтым словам Непакупны (там жа) лічыць і бел. лексему гі́гель (без пэўнага значэння, якая сустракаецца на Гомельшчыне). Параўн. яшчэ гігалле́ (гл.).