Гіча́н ’лісце і сцяблы рознай агародніны’ (БРС), таксама гіч, гі́чка, гічанё, гіча́ннік, гічы́ўнік, гіча́нне, гічэ́ўе (гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 41). Лічыцца запазычаннем з літ. gỹčas ’сцяблы табакі’ (Смулкова, там жа). Вельмі няпэўна. Ва ўкр. мове, акрамя форм тыпу гич, гича́, гича́ль (таксама гита́ль), гича́лля, ги́чка (гл. Грынч.), ёсць і ги́ка (лем.), гик (бойк.), што робіць версію аб літ. паходжанні гэтых слоў неверагоднай. Паводле Рудніцкага (614), паходжанне гэтых лексем няяснае. Параўн. і гіча́н ’качан салёнай капусты’ (Сцяшк.).
Гі́чка ’ніжняя шырокая частка збанка’ (Шатал.). Па сваіх семантычных сувязях гэта лексема вельмі нагадвае слова гі́рка ’тс’ (гл.). Гі́чка, як і ўкр. ги́чка, звязана з гіч ’сцяблы, лісце і да т. п.’ (гл.). Ва ўкр. мове ги́чка азначае ’качан кукурузы без зерня; верхняя частка завязанага мяшка вышэй перавязі; валасы’ (гэта апошняе значэнне ўжываецца ў іранічным сэнсе). Для нас важнае тое, што як у слова гі́рка (гл.), так і ў слова гі́чка (укр. ги́чка) у семантычным полі сустракаецца значэнне ’валасы, стрыжка’, якое можа суадносіцца (метафарызацыя!) з ’часткай збанка’. Для слова гічка мы, праўда, чакалі б хутчэй значэння ’верхняя частка збанка’. Але параўн. яшчэ бел. дыял. гі́чка ’істужка, тасьма; верх завязанага напоўненага мяшка (вышэй завязкі)’ (Сл. паўн.-зах.).