Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Губ ’мера палатна’ (Сцяшк.). Да гнуць, губі́ць, гіба́ць (гл.). Параўн. і гі́ба ’мера палатна’ (гл.). Да гэтай групы слоў, здаецца, адносіцца і губа́ ’кавалак зямлі, які селянін мог узараць на працягу дня сахой’ (Яшкін). Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 7, 164–165.

Губа́ ’губа’ (БРС, Сцяшк.). Прасл. *gǫba. Трубачоў (Эт. сл., 7, 79) лічыць, што значэнні ’грыб’ і ’губа’ звязаны па паходжанню, і ’губа’ выводзіцца з ’грыба’. Звычайна слав. *gǫba параўноўваюць з літ. gum̃bas ’гуз, жаўлак, нарасць’, лат. gum̃ba. Фасмер (1, 468) лічыць, што ёсць два розныя словы (’губа’ і ’грыб’), але не выключае магчымасці аднолькавага іх паходжання.

Гу́ба ’губа, трутнік, трут’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк.). Таго ж паходжання, што і губа́ (гл.).

Губі́ць ’губіць’ (БРС, Нас., Бяльк.). Параўн. рус. губи́ть, укр. губи́ти, польск. gubić, чэш. hubiti, серб.-харв. гу̀бити, балг. гу́бя. Прасл. *gubiti (аблаўтная форма да *gъb‑; параўн. гнуць < *gъbnǫti). Гл. Фасмер, 1, 469; Трубачоў, Эт. сл., 7, 188–189. Параўн. літ. gùbti ’гнуцца’.

Гуга́ць ’гуляць, банкетаваць; весці разгульнае жыццё’ (Нас.). Трубачоў (Эт. сл., 7, 167) параўноўвае са славен. gúgati ’гайдаць, разгушкаць’, чэш. huhati ’крычаць (пра саву)’, рус. гу́га́ть ’гайдаць, разгойдваць’. Паводле Трубачова (там жа), слова экспрэсіўнага паходжання. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 361; Фасмер, 1, 469.

Гугня́ць, гугня́віць (БРС, Шат., Бяльк.), гугна́ць, гугна́віць (Нас.). Параўн. яшчэ гуня́ва ’гугнява’ (Касп.). Прасл. *gǫgnati ’гаварыць у нос’, *gǫgniti (слав. матэрыял гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 81–82). Словы гукапераймальнага паходжання (рэдуплікацыя першапачатковага gn). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 470.

Гуд ’шкляны, плавільны завод’ (Яшкін). Параўн. у Даля гу́да ’шкляны завод’. Бясспрэчна, звязана з гу́та. Формы гуд, гу́да, магчыма, з’явіліся як вынік уплыву дзеяслова гудзе́ць.

Гудзе́ць ’гусці’ (БРС, Нас.), ’гудзець’ (Касп., Бяльк.), гуд ’гудзенне’ (БРС). Рус. гуде́ть, таксама ’плакаць’, ’іграць на гуслях, шумець’, укр. гудіти, чэш. housti, серб.-харв. гу́дјети і г. д. Прасл. *gǫděti, таксама *gǫsti. Роднасныя формы літ. gaũsti ’гучаць, гусці’. Гл. Фасмер, 1, 470–471; Бернекер, 1, 341; Траўтман, 80; падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 80, 85.

Гуж1 ’гуж’ (БРС, Касп., Бяльк.). Ад прасл. *gǫžь; параўн. рус. гуж, укр. гуж, польск. gążew, gążwa, балг. гъж, гъжва і г. д. Паводле Фасмера (1, 471), версія аб роднаснасці з прасл. *ǫza і далей *vęzati не тлумачыць пачатковага гука g‑. Таму лепш параўноўваць са ст.-ісл. kengr ’крук’. Іншыя даследчыкі ўсё ж лічаць g‑ пратэзай. Агляд матэрыялу і літ-ры ў Трубачова, Эт. сл., 7, 93–94.

Гуж2 ’вуж’ (Сцяшк.). З вуж (< *ǫžь); мена пратэтычных гукаў в‑ > г‑ (так і ў некаторых іншых словах: гу́зкі‑ву́зкі) (Сцяшк.).

Гуз1 ’гуля, нарост’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк.), ’тупы канец снапа’ (Нас.). Прасл. *gǫzъ, *guzъ (падрабязна агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 7, 91–92) з’яўляецца экспрэсіўным утварэннем, роднасным грэч. γογγύλος ’круглы’, літ. gūžis ’качан’. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 343; Слаўскі, 1, 380–381; Траўтман, 101–102; Фасмер, 1, 471–472.

Гуз2 ’гузік’ (Шатал.). Ст.-бел. кгузъ, гузъ, кузъ ’тс’ (Булыка, Запазыч.). Або запазычанне з польск. guz ’тс’ або бел. новаўтварэнне з гу́зік (гл.).

Гуза́рыць ’гуляць, баляваць’ (Жд. 1). Няясна. Ці не з гусарыць (да гуса́р)?