Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Гул ’гул’ (БРС), гулкі, гулка (БРС, Касп., Бяльк.). Рус. гул, гулкий, укр. гул. Не вельмі яснае слова. Мацэнаўэр (LF, 7, 204), Бернекер (1, 361) параўноўвалі гэту лексему са ст.-ісл. gaula ’быць’, gaul ’выццё’. Няпэўна; гл. Фасмер, 1, 472. Бернекер (там жа) і Фасмер (там жа) дапускаюць роднаснасць з *govorъ, *govoriti (суфіксальнае ўтварэнне на ‑l‑). Параўн. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 7, 173.

Гула́ ’лухта, глупства’ (Нас.). Няясна. Магчыма, з хула́. Аднак не выключаецца, што ёсць сувязь са слав. дзеясловам *guliti. Параўн. рус. гу́лить ’жартаваць’, укр. гули́ти ’абдурваць’ і г. д. (гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 170).

Гульня́ ’гульня’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк.). Утварэнне ад дзеяслова гуляць (гл.).

Гульта́й ’гультай’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк., Сцяшк., Жд. 1). Слова не вельмі яснага паходжання. Параўн. рус. гультяй, гультай ’тс’, укр. гультай, гільтай. Сабалеўскі (Slavia, 5, 448) выводзіў гэтыя словы з *гольтай. Фасмер (1, 473) звязваў гультай з гулять. Польск. hultaj, holtaj, паводле Слаўскага (1, 435–436), запазычана з укр., якое быццам паходзіць з даўняга *golьtajь *golьtjajь (так ужо ў Сабалеўскага), да *golъ ’голы’. Адносна суфіксацыі і магчымых балтыйскіх уплываў параўн. Мартынаў, Лекс. балтызмы, 24. Паводле Трубачова (Эт. Сл., 7, 171), зыходным з’яўляецца назва дзеяча тыпу *gulʼajь (ад *gulʼati) з суфіксам ‑jь. Формы тыпу гульта́й другасныя (з эпентэтычным ‑t‑). Няпэўна.

Гу́ля, гу́ла ’гуля’ (БРС). Рус. гуля, укр. гуля, польск. gula і г. д. Прасл. *gulʼa ’тс’ (агляд семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 169–170). Лічыцца звязаным са ст.-інд. gōla‑ ’шар’, ст.-ісл. kúla ’шар, мяч, гуля’ і інш. Гл. Фасмер, 1, 473 (там агляд версій). Бернекер (1, 362) прапануе іншую версію; сувязь з серб.-харв. гу́лити ’здзіраць скуру, кару’. Гэта тлумачэнне, якое Слаўскі (1, 376) лічыць няпэўным, Трубачоў (там жа, 170) лічыць верагодным.

Гу́ля ’голуб і галубка’ (Нас.). Відаць, ад гукапераймальнага гулю‑гулю (Нас.), якім прынаджваюць голуба.

Гуля́ць ’гуляць’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк.), ’танцаваць’ (Сцяшк.), ’гуляць, забаўляцца; танцаваць; бяздзейнічаць’ (Шат.), ’сваволіць (аб дзецях)’ (Жд. 2). Слаўскі (1, 433–434) лічыць польск. hulać запазычаннем з укр. мовы. Адносна этымалогіі слова ён мяркуе, што, магчыма, у аснове ляжыць выклічнік hu‑la!, hul! Іншыя версіі, паводле Слаўскага, не пераконваюць. Падрабязны агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 171–172. Паводле Трубачова, прасл. *gulʼati звязана з дзеясловам *guliti, які сярод іншых мае значэнне ’весяліцца, жартаваць і да т. п.’