Гу́ра ’гурба (снегу)’ (Сцяц., Сцяшк., Шат., Бяльк., Жд. 2, Шатал.; гл. яшчэ Яшкін, дзе прыводзяцца і іншыя значэнні). Параўн. ст.-бел. гура ’верх’ (з XVI ст.; < польск. góra, гл. Булыка, Запазыч., 86). Зэльв., гродз. гура ’гурба’, бясспрэчна, таксама запазычана з польск. мовы (аб гэтым можа сведчыць гук ‑у‑). Аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 330–331. Іначай Трубачоў, Эт. сл., 7 (пад *gurati): бел. лексема — аддзеяслоўнае ўтварэнне на бел. глебе. Параўн. яшчэ ўкр. гура ’маса, гурт’ (Грынч.).
Гу́рба ’гурба’ (БРС, Касп., Шат., Сцяшк., Яшкін). Трубачоў (Эт. сл., 7, 179–180) бел. гу́рба ’гурба’ параўноўвае з укр. гурба ’гурт’, рус. гурба ’гурт’, гурьба ’тс’ і мяркуе, што гэта аддзеяслоўнае ўтварэнне (ад дзеяслова *guriti), аднак семантыка гэтага дзеяслова не вельмі ясная. Параўн. тлумачэнне гурьба ў Фасмера, 1, 476–477. Паходжанне слова застаецца няясным. Ст.-бел. гурба ’гурт’, паводле Булыкі (Запазыч., 86), запазычана з польск. hurba, hurma < с.-в.-ням.
Гурга́н ’сухі пясчаны востраў сярод балота’ (усх.-палес., Яшкін). З курга́н (гл. значэнні гэтай лексемы ў Яшкіна). Яшчэ ў Яшкіна: гурда́н ’курган’ < курга́н (→ гурга́н, далей дысіміляцыяй двух «г», г — г > г — д, гурба́н).
Гурт ’гурт’ (БРС, Шат., Бяльк.), ’вогнішча’ (Шатал.). Рус. гурт, укр. гурт. Запазычанне з польск. hurt < с.-в.-ням. hurt. Гл. Фасмер, 1, 476; Бернекер, 1, 379; Слаўскі, 1, 439. Параўн. Булыка, Запазыч., 87. Сюды адносіцца і гурто́к, укр. гурто́к.