Гід ’гід’ (БРС). Рус. гид, укр. гід. Запазычанне з франц. guide ’тс’ (ад іт. дзеяслова guidare ’весці’). Гл. Шанскі, 1, Г, 69.
Гі́дзіць ’гідзіць’ (БРС, Нас., Бяльк.), сюды ж гі́дкі (БРС, Нас., Касп., Бяльк.), гідлі́вы (БРС, Нас., Шат., Сл. паўн.-зах.), гідо́та (БРС). Адносіцца да групы прасл. слоў *gyditi, *gydъ, *gydъkъ (аб якіх падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 220–221). Параўн. укр. ги́дити, гидкий, гид, рус. ги́дить, ги́дкий, гид, в.-луж. hidźić, чэш. hyd і г. д. Лічыцца роднасным з *gadъ (< *gu̯ōd(h)). Гл. Бернекер, 1, 374; Фасмер, 1, 405; Трубачоў, Эт. сл., 6, 220, але магчымы і іншыя тлумачэнні.
Гі́дра ’гідра’, ’жывёла з класа паліпаў’ (БРС). Рус. ги́дра, укр. гі́дра. Запазычанне (у бел., магчыма, праз рус. мову) з новай латыні ў першай палавіне XIX ст. Слова ўзнікла на базе лац. hydra ’гідра, вадзяная змяя, міфалагічная жывёла’ (< грэч.). У гэтым значэнні крыніцай рус. слова (> бел.) было ням. Hydra (< лац. < грэч.). Гл. Шанскі, 1, Г, 69–70.