Гіга́нт ’гігант’ (БРС). Рус. гига́нт, укр. гіга́нт. Паводле Шанскага (1, Г, 67–68), для рус. мовы крыніцай з’яўляецца грэч. γίγας, ‑αντος (у рус. мове з XIV ст. ужо ў форме гигантъ). Фасмер (1, 404–405) мяркуе, што ў новыя часы рус. мова запазычыла гэта слова з ням. Gigant. Для бел. і ўкр. непасрэднай крыніцай была, здаецца, рус. мова.
Гігель 1, лаянкавае слова («Гі́гель ты!»). Магчыма, звязана з гіге́ль ’палявы хвошч’ (гл.).
Ґі́ґель 2 ’хвошч’ (віц., Янк. Мат.), гі́гель ’палявы хвошч, Equisetum arvense’ (Касп.), ґіґе́ль, ґіґі́ль (Сл. паўн.-зах.). Паводле Непакупнага (Лекс. балтызмы, 29), гэта запазычанне з літ. gegė̃lis, gigė̃lis ’тс’. Здаецца, звязаным з гэтым словам Непакупны (там жа) лічыць і бел. лексему гі́гель (без пэўнага значэння, якая сустракаецца на Гомельшчыне). Параўн. яшчэ гігалле́ (гл.).
Гігіе́на ’гігіена’ (БРС). Рус. гигие́на, укр. гігієна. Запазычанне з зах.-еўрап. моў (ням. Hygiene, франц. hygiène; першакрыніцай з’яўляецца грэч. мова). Параўн. Шанскі, 1, Г, 68.
Гігі́каць ’гігікаць’ (БРС, Нас., Касп., Шат.), гі́гікі ’смешкі’ (Бяльк.). Укр. гиги́ ’імітаванне гуку смеху, плачу, іржання каня’, гигота́ти, гиготі́ти ’ржаць’. Гукапераймальнае.