Гам ’шум, крык’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк., Шатал.). Параўн. рус. гам, укр. гам. Паводле (Шанскага (1, Г, 23), усх. слав. слова. Лічыцца звязаным чаргаваннем галосных з коранем *gom (параўн. слав. *gomonъ ’шум’, *gomoniti і г. д.) гукапераймальнага паходжання (гл. Бернекер, 1, 326–327; Праабражэнскі, 1, 118; Фасмер, 1, 390–391; Шанскі, там жа). Сюды адносіцца і дзеяслоў бел. гамава́ць ’брахаць; крычаць, лаяць’ (Сцяц. Словаўтв.).
Га́ма ’гама (музыч. і да. т. п.)’ (БРС). Рус. га́мма, укр. га́ма. Крыніцай запазычання з’яўляецца франц. gamme ’тс’ або ням. Gamme < франц. У аснове тэрміна ляжыць назва грэч. літары γ (γάμμα), якая трапіла ў франц. і ням. мовы з іт. gamma. Падрабязна гл. Шанскі, 1, Г, 24–25.
Гамава́ць 1 ’уціхамірваць, стрымліваць’ (Нас.), ’тармазіць’ (Сцяц. Словаўтв.). Вядома ўжо ў ст.-бел. мове з XVI ст.: гамовати ’ўціхамірваць, стрымліваць’ (гл. Булыка, Запазыч., 78). Як і ўкр. гамува́ти (у XVI–XVIII стст. гамовати), запазычанне з польск. hamować < с.-в.-ням. hamen (пазней hemmen). Гл. Слаўскі, 1, 399 (з падрабязнай літ-рай).
Гамава́ць 2 ’крычаць і да т. п.’ Гл. гам.
Гамазе́я ’магазін’ (Нас.). Рус. дыял. гамазе́я ’хлебны свіран, склад’, укр. дыял. гамазе́я, гамазе́й, гамазі́я, гамазі́й. Паводле Фасмера (1, 391), метатэза з магазея; параўн. рус. магазе́я, магазе́й ’свіран, магазін’, укр. магазе́й ’свіран для хлеба’. Гэтыя апошнія формы паходзяць ад гал. magazijn ’склад’ (аб гісторыі гал. слова гл. Фасмер, 2, 554–555). Фантастычна Рудніцкі, 551; укр. гамазей з магази́н і з уплывам слова музей (!).
Гама́к (БРС). Рус. гама́к, укр. гама́к. Бел. і ўкр. словы ўзяты, як відаць, з рус. мовы. Там гэта запазычанне з франц. hamac (дзесьці ў другой палавіне XVIII ст.) < ісп. (назва ўзята ад туземцаў в‑ва Гаіці). Гл. Фасмер, 1, 391; Слаўскі, 1, 399; Шанскі, 1, Г, 23.
Га́ман ’нікчэмны чалавек; злы’ (Нас.), ’злюка’ (Касп.). Паводле Насовіча, ад уласнага імя Амман (мы знаходзім імя Аман у біблейскай кнізе «Эсфирь», дзе ён выступае як ліхадзей). З іншага боку мы знаходзім у ст.-укр. мове гамонъ (XVIII ст.) ’разява, дурань і г. д.’, якое Цімчанка (1, А–Г) выводзіць з польск. gamoń (аб польск. слове гл. Брукнер, 134; інакш Цімчанка, там жа). Магчыма, што і бел. лексема таго ж паходжання, што і ўкр. слова. Але параўн. яшчэ польск. haman ’вялікі, цяжкі; няўклюда’ (якое Брукнер, 168, выводзіць з біблейскага імя Haman), польск. дыял. haman ’вялікі, рослы, моцны’ (гл. Карловіч, 2, 164).
Гама́н, гыма́н ’торбачка, машна для грошай’ (Бяльк.). Рус. гама́н, укр. гама́н ’тс’. Паходжанне слова вельмі спрэчнае. Вінэр (ЖСт., 1, 1895, 61) меркаваў, што гэта назва паходзіць ад уласнага імя (біблейскае) Гаман. Фасмер (1, 391) сумняваецца, але іншай этымалогіі не дае. Таксама сумняваецца Рудніцкі, 553 (але яго вывядзенне гэтага слова ад тур.-араб. hammāl вельмі няпэўнае). Вытворныя ад гама́н: бел. гамане́ц (Жд. 2, Бяльк.), гымане́ц (Бяльк.), укр. гамане́ць.
Гамане́ц ’кашалёк’ (Жд. 2, Бяльк.). Гл. гама́н.
Гамані́ць ’гаварыць, нагаворваць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Сцяшк.). Рус. гомони́ть ’крычаць, шумець’, укр. гомоні́ти. Параўн. далей польск. gomonić się ’сварыцца; быць не ў ладах’, славац. homoniť ’шумець, крычаць’. Слав. дзеясловы лічацца вытворнымі ад *gomonъ (зах.-слав. і ўсх.-слав. словы); параўн. бел. го́ман ’размова, шум, крык’, укр. го́мін, славац. дыял. homon, польск. gomon і г. д. Сама лексема *gomonъ, паводле Слаўскага (1, 315–316), знаходзіцца ў этымалагічнай сувязі з усх.-слав. *gomъ: *gamъ ’галас, шум’ (параўн. гам ’крык, шум’). Меркаванні аб далейшых сувязях гэтага этымалагічнага гнязда гл. у Слаўскага (там жа). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 436; Шанскі, 1, Г, 125–126. Да гэтага сямейства слоў адносіцца і гамана́ (Сцяшк. МГ) (адносна словаўтварэння гэтага апошняга параўн. гавара́ ’гутарка, гаварэнне, мова’), далей гамо́нка ’пагалоска’ (БРС), ’размова’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк.).
Га́мар 1, пра ’вялікі і цяжкі прадмет’ (Сцяц. Словаўтв.). Спачатку, мусіць, ’вялікі молат, молат’. Параўн. укр. дыял. (зах.) га́мер ’(вялікі) молат’. Запазычанне з ням. Hammer ’молат’, Параўн. Рудніцкі, 555.
Га́мар 2 ’верхняя ручка ў падоўжнай піле’. Гл. га́мары.