Гар (м. р.?) (БРС, Шат.). Параўн. рус. гарь (ж. р.). Дакладная адпаведнасць бел. лексеме і па марфалагічнай характарыстыцы (м. р.!) ёсць у рус. уральскіх гаворках: гар ’непрыемны запах’. Усё да слав. *gorěti. Словы *garь, *garъ (?) адлюстроўваюць вакалізм a (< ō).
Га́ра ’гарэлка’ (Шат., Сцяшк. МГ). Няма ў іншых усх.-слав. мовах. Польск. дыял. hara ’тс’ запазычана з бел. мовы (гл. Карловіч, II, 168). Можна меркаваць, што га́ра — гэта жаргоннае ўтварэнне ад гарэ́лка ’тс’. Параўн. і польск. gocha, gochna < gorzałka (аб польск. словах гл. Брукнер, 151: пад gorzeć). Трэба дадаць, што ў Шат. га́ра кваліфікуецца як пагардлівая назва.
Гара́ ’гара’. Параўн. рус. гора́, укр. гора́, польск. góra, чэш. hora, балг. гора́ ’лес’, серб.-харв. го̀ра, ст.-слав. гора і г. д. Прасл. *gora ’гара; лес’. Лічыцца роднасным з прус. garian ’дрэва’, літ. girià ’тс’, ст.-інд. giríṣ ’гара’, авест. gairi‑ і г. д. Гл. Фасмер, 1, 438; раней Бернекер, 1, 329; Траўтман, 78. Падрабязны агляд слав. слоў, іх семантыкі, геаграфіі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 29–31 (там і новыя меркаванні адносна першапачатковай семантыкі і.-е. лексемы). Агляд семантыкі слова гара́ як геаграфічнай назвы (назвы рэльефа) гл. у Яшкіна, 46. Звычайнымі з’яўляюцца ў слове *gora новыя значэнні ’верхняя частка хаты’, ’верх і да т. п.’ (зафіксавана ў бел. мове; гл. Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ), таксама і ў іншых усх.-слав. мовах (рус., укр.).
Гарабе́й ’верабей’ (Сцяшк. МГ), гарабе́шак ’тс’ (Шатал.). Параўн. таксама формы арабей, верабей (гл.). Формы з пачатковым г‑ (замест в‑; гэтыя апошнія з’яўляюцца зыходнымі, прасл. тыпы можна звесці да *verb‑: *vorb‑ з рознай суфіксацыяй; гл. Трубачоў, Слав. языкозн., V, 177) другаснага паходжання. Яны адлюстроўваюць трактоўку зыходнага пачатковага гука *v‑ (адсюль мена г : в). Можна таксама меркаваць і аб дадатковым моманце: ва ўкр. мове побач з формамі воробе́ць, горобе́ць існуе і гворобе́ць. Гэта можа сведчыць і аб іншай фанетычнай з’яве — устаўцы перад пачатковым в‑ «паразітнага» гука г. Але першы варыянт тлумачэння больш верагодны.
Гарава́тка ’ўзгорачак’ (Касп.), ’купка лесу на гары’ (Яшкін). Утварэнне суфіксам ‑к(а) ад прыметніка *гараваты ’гарысты’. Параўн. рус. дыял. горова́тый ’крыху гарысты’ (СРНГ, 7, 54: кур., арл., тул., калуж.); параўн. і рус. горови́тый, укр. горови́тий. Лексема *гороватъка з’яўляецца на ўсх.-слав. глебе беларускім неалагізмам (няма ў СРНГ і вядомых укр. слоўніках).
Гарава́ць ’бедаваць, цярпець нястачы’ (БРС, Касп.). Рус. горева́ть, укр. горюва́ти. З іншых слав. моў Махэк₂ (176) прыводзіць чэш. дыял. horovati (гл.). Вытворнае ад зыходнага *gorʼe (гл. гора). Янк. (III) прыводзіць гарава́ць з іншай семантыкай: «працаваць працягла, настойліва» (развіццё такой семантыкі не патрабуе тлумачэння).
Гарагу́ля ’нявеста’, гырагу́ля (жартаўл., Бяльк.): «Яна ужо гырагуля». Слова няяснага паходжання Не знаходзіцца нічога адпаведнага ў іншых усх.-слав. мовах. Наўрад ці можна параўноўваць з бел. дыял. гарга́ра ’сварлівая жанчына’ (Касп.).
Гарадаві́к ’гарадавы’ (БРС). Уласна бел. форма (няма ў іншых усх.-слав. мовах), неалагізм ад больш пашыранага і вядомага ў рус., укр., бел. мовах слова гарадавы́ (рус. городово́й, укр. городови́й).
Гарадавы́ ’гарадавы, гарадавы’ (БРС). Рус. городово́й, укр. городови́й. Паводле Шанскага (1, Г, 141), уласна рус. слова, вядомае ўжо з 1711 г. Яно ўзнікла марфолага-сінтаксічным спосабам словаўтварэння на аснове прыметніка городово́й < городовый (у помніках: городовый прикащикъ і г. д.). Бел. і ўкр. лексемы, відавочна, запазычаны з рус. мовы. Параўн. гарадаві́к.
Гарадзі́ць ’гарадзіць’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк.). Рус. городи́ть, укр. городи́ти, польск. grodzić, чэш. hraditi, балг. градя́, серб.-харв. гра́дити, ст.-сл. градити. Прасл. *gorditi ’будаваць, гарадзіць, ствараць і да т. п.’, дзеяслоў на ‑iti, утвораны ад прасл. *gordъ ’горад і да т. п.’ Аб гарадзіць < *gorditi гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 35 (дзе дэталёва прыводзіцца параўнальны матэрыял з усіх слав. моў). Ад гарадзі́ць утворана суфіксам ‑ба гарадзьба́ ’будаванне агароджы’ (БРС, Шат., Касп.). Але гэта слова, здаецца, не з’яўляецца вытворным прама на бел. глебе, а паходзіць з прасл. *gordьba (з адпаведнымі паралелямі ў іншых слав. мовах). Гл. Трубачоў, там жа, 38. Уласна бел. з’яўляецца гарадзьбі́к ’чалавек, які робіць агароджу’ (Бяльк.). У пераносным сэнсе ўсх.-слав. *goroditi ўжывалася і ў фразеалагічных зваротах (’гаварыць бяссэнснае, глупства’). Гл. Шанскі, 1, Г, 139–140.
Гарадні́чы ’гараднічы’ (БРС). Рус. городни́чий, укр. городни́чий. Бел. і ўкр. лексемы запазычаны з рус.’ мовы (як і польск. gorodniczy). У рус. мове гэта слова, паводле Словаря русского языка XI–XVII вв. (вып. 4 (Г–Д). М., 1977), вядома ўжо з XVII ст. *(недакладна Шанскі: з XVIII ст.) і ўтворана на базе прыметніка городничий (параўн. городничий старецъ).