Гарабе́й ’верабей’ (Сцяшк. МГ), гарабе́шак ’тс’ (Шатал.). Параўн. таксама формы арабей, верабей (гл.). Формы з пачатковым г‑ (замест в‑; гэтыя апошнія з’яўляюцца зыходнымі, прасл. тыпы можна звесці да *verb‑: *vorb‑ з рознай суфіксацыяй; гл. Трубачоў, Слав. языкозн., V, 177) другаснага паходжання. Яны адлюстроўваюць трактоўку зыходнага пачатковага гука *v‑ (адсюль мена г : в). Можна таксама меркаваць і аб дадатковым моманце: ва ўкр. мове побач з формамі воробе́ць, горобе́ць існуе і гворобе́ць. Гэта можа сведчыць і аб іншай фанетычнай з’яве — устаўцы перад пачатковым в‑ «паразітнага» гука г. Але першы варыянт тлумачэння больш верагодны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)