Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гад ’гад, змяя’, га́дзіна, гадзю́ка. Рус. гад (га́дина, гадю́ка), укр. гад, гадю́ка, польск. gad, чэш. had, балг. гад і г. д. Прасл. *gadъ. Паводле Фасмера (1, 381), Трубачова (Эт. сл., 6, 82) з і.-е. *g​ōdh‑ (: *gu​̯ēdh‑): параўн. ст.-англ. cwēd дрэнны’, літ. gė́da ’сорам’.

Гадава́ць ’гадаваць’ (БРС). Укр. годува́ти ’тс’, чэш. hodovati ’банкетаваць’ і г. д. Прасл. *godovati (з вельмі шматлікай семантыкай), вытворнае ад *godъ ’свята; час і да т. п.’ Гл. Трубачоў, Эт. сл., 6, 190–191.

Гадані́на ’людскія размовы, балбатня, пагалоска’ (Нас., Яруш.). Бясспрэчна, запазычанне з польск. gadanina ’балбатня’ (да gadać ’балбатаць, гаварыць’). Параўн. гада́ць. Бернекер (1, 288) беспадстаўна лічыць гаданіну бел. словам.

Гада́нне (= гаданіна, гл.) ’людскія размовы, балбатня, пагалоска’ (Нас.). Сюды ж, відаць, адносіцца і гада́нне ’пагалоска, чутка’ (Касп.). Запазычанне з польск. gadanie ’тс’ (ад gadać ’гаварыць, размаўляць, балбатаць’).

Гадаты́вус ’рэзанёр, гаварун’ (ужывалася пераважна шляхтай, Нас.). Запазычанне з польск. gadatywus ’тс’. Гэта апошняе ўтворана ў польск. мове на базе дзеяслова gadać ’балбатаць, гаварыць’ і суфіксальнай часткі ‑tywus (паводле лац. слоў на ‑t‑ivus). У польск. мове гэта спачатку, можа, жартоўнае ўтварэнне (параўн. яшчэ іншыя лацінізаваныя польскія ўтварэнні ад gadaćgadateusz, gadeus ’гаварун’). Але бел. гадатыўка ’гаваруха, гаварлівая (гаворыцца пераважна ў колах шляхты)’ (Нас.) ўтворана на беларускай глебе ад гадатывуспольск. мове слова gadatywka няма, гл. SW).

Гада́ць ’гаварыць, расказваць’ (Нас.), га́даць ’пляткарыць’ (КЭС). Рус. дыял. (смал.) гада́ть ’гаварыць’, укр. дыял. (лем.) гада́ти ’гаварыць, размаўляць’ (гл. Рудніцкі, 522, 781). Запазычанне з польск. gadać ’тс’ (а гэта да прасл. *gadati, гл. Слаўскі, 247–248). Толькі ў польск. мове, калі не лічыць славен. дыял. gadati ’балбатаць, плявузгае’, слав. *gadati атрымала значэнне ’размаўляць, гаварыць’ (з XV ст.). Можна ставіць пытанне: ці бел. гада́ны ’гавораны, казаны’ (Нас.), якое Насовіч (там жа) выводзіць ад гада́ць, не адлюстроўвае непасрэдна польск. gadany (ад gadać)?

Гадзі́на. Гл. год.

Га́дка ’пагалоска, размова’ (Касп.), ’размова, гутарка’ (Нас.). Запазычанне з польск. gadka ’размова’, ’гутарка, пагалоска, чутка’ (ад gadać), як і многія словы гэтай групы (параўн: гадаць, гаданіна, гаданне, гадула).

Гаду́ла ’пустамеля, балбатун’ (Нас.). Запазычанне з польск. gaduła ’тс’ (ад gadać ’гаварыць’).

Гаду́лька ’гаваруха’ (Касп.). Слова не вельмі яснага паходжання. Бясспрэчна, звязана з гадаць ’гаварыць’, запазычаным з польск. мовы (гл.), але словаўтварэнне вельмі незразумелае. Ад вядомага ў бел. мове гадула ’пустамеля’ (польск. gaduła ’балбатун, пустамеля’, ’балбатлівая жанчына’) мы б чакалі хутчэй гадулка. Утварэнне ад гадула з экспрэсіўным ‑ʼка?