Гапа́к ’гапак’ (БРС). Рус. гопа́к, укр. гопа́к ’тс’. Лічыцца запазычаннем з укр. мовы, дзе назва танца гопа́к з’яўляецца вытворнай ад выклічніка гоп! Гл. Фасмер, 1, 438. Аб паходжанні самога выклічніка думаюць, што рус. гоп! — гэта ўкраінізм (гл. Шанскі, 1, Г, 129) і наогул падобны выклічнік і ва ўкр. і ў польск. мовах < ням. hopp, hops (гл. Фасмер, там жа). Насуперак гэтаму Слаўскі (1, 428) укр. гоп, польск. hop, чэш. hop лічыць проста гукапераймальнымі (падрабязна Махэк₂, 176, які лічыць hop‑ элементарным, першапачатковым, незапазычаным).
Гапашы́ць ’трапаць лён’ (Сцяшк. МГ). Няяснае слова. Магчыма, звязана з дзеясловам *pachati. Параўн. вельмі шырокі дыяпазон значэнняў, напр., у рус. паха́ть (гл. у Даля), уключаючы ’рэзаць, крышыць і да т. п.’ (пахать хлеб, мясо).
Га́піць ’біць’, га́піцца ’біцца’ (Шатал.). Няяснае слова. Няма ў суседніх мовах. Этымалогія гэтай лексемы не можа пакуль што выходзіць за рамкі агульных меркаванняў і дагадак. Магчыма, гэта гукапераймальнае ўтварэнне (ад выклічніка тыпу ўкр. геп!, які перадае гук пры падзенні або ўдары: ге́пати ’ўдарыць; падаць з шумам і да т. п.’). А магчыма, ёсць і нейкая сувязь са словам тыпу ўкр. га́пка ’задняя частка цела, podex’: *гапіць < *’біць па задняй частцы цела’ (→ ’біць наогул’).
Га́пка 1, апе́лька ’пятля для кручка’ (Жд. 1), га́пка ’пятля ў адзенні’ (Сцяц. Словаўтв.), га́пка, гапе́лечка, гапе́лька ’пятля’ (Шатал.), га́пачка ’самаробны гузік; пятля’ (Сцяшк. МГ). Падрабязны агляд форм гл. Сцяц. Нар. лекс., 125. Сцяцко (там жа) лічыць, што бел. форма га́пка ўзята з польск. haptka ’тс’ (гэта з’яўляецца дыялектнай формай польск. haftka < ням.; аб этымалогіі гл. Слаўскі, 1, 390). Гэта магчыма, але можна лічыць зыходным і польск. haftka; на бел. глебе замена ф > п, што звычайнае ў слав. мовах. Параўн. га́птка, га́фтка.
Га́пка 2 ’свіны страўнік’ (Шатал.). Няясна. Магчыма, ад уласнага жаночага імя Гапка (ад уласных імён нярэдка ўтвараюцца назвы розных прадметаў, у прыватнасці назвы часцей цела). Параўн. укр. дыял. га́пка ’задняя частка цела, podex’ (Грынч.).
Гаплі́к ’кручок (у адзежы)’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк., Шатал.). Ст.-бел. гапликъ ’засцежка’ (гл. Булыка, Запазыч., 79). Зыходным для бел. (ст.-бел.) слова з’яўляецца, паводле Булыкі (там жа), Рудніцкага (563), ст.-польск. heftlik < ням. Heftel. Але пры такім тлумачэнні няяснай застаецца форма бел. слова (у прыватнасці, а замест е). Гэта а ёсць і ў іншых мовах: укр. гапли́к ’тс’ (з XVI ст., гл. Цімчанка, I, 508, які прыводзіць зыходнае ням. Haftel), рус. дыял. га́плик, гаплю́к ’кручок на вудачцы’ (якое Фасмер, 1, 392, правільна тлумачыць з зыходнага ням. Haftel, Heftel праз польск. heftlik). Вытворным ад гаплі́к з’яўляецца зафіксаванае ў Бяльк. гаплі́чка ’драцяная пяцелька’. Форма гаплю́к ’гаплік’ (Бяльк., Сцяц. Словаўтв., Сцяшк. МГ), якая сустракаецца (Бяльк.) і са значэннем ’малы чалавек’ (гэта — бясспрэчная метафара: ’кручок’ — ’малы чалавек’), узнікла адаптацыяй да вядомага ў слав. мовах суфікса ‑юк. Неверагодным было тлумачэнне Карскага (гл. Сцяц. Нар., 124): гаплю́к запазычана з цюрк. моў (відаць, на падставе, як мяркуе Сцяцко, там жа, ацэнкі элемента ‑юк у якасці цюркскага).
Гаплі́чка ’драцяная пяцелька’ (Бяльк.). Гл. гаплі́к.
Гаплю́к ’гаплік; малы чалавек’. Гл. гаплі́к.
Гаптава́ць ’вышываць’ (Шат.), гафтаваць. Ст.-бел. гафтовати (гл. Булыка, Запазыч., 80: пад гафтъ). Укр. гафтува́ти, гаптува́ти (з XVI ст.). Запазычанне з польск. haftować ’тс’, а гэта з с.-в.-ням. heften, ням. heften. Гл. Слаўскі, 1, 390–391.
Га́птка ’пятля’ (Сцяшк. МГ), га́птачка (Сцяшк. МГ, Шат.), га́фтка. Бел. га́фтка (засведчана з XVI ст., Булыка, Запазыч., 80), укр. га́фтка (вядомае з XVIII ст.) запазычаны, паводле Слаўскага (1, 390), з польск. haftka ’тс’, а гэта з с.-в.-ням. haft (ням. Haft); памяншальную форму польск. слова Корбут (PF, IV, 485) тлумачыў запазычаннем з ням. памяншальнага haftchen ’тс’. Форму га́птка (як і га́пка, гл.) можна тлумачыць непасрэдным адлюстраваннем польск. дыял. haptka < ням. (так Сцяц. Нар., 125), але тут (у адрозненне ад га́пка) поўнасцю захоўваецца кансанантная група ‑ptk‑.
Гапцава́ць ’многа есці’ (Шат.). Няма ў рус. і ўкр. мовах у гэтым значэнні. Фармальна падыходзіць для параўнання ўкр. гопцюва́ти ’танцаваць гопаючы; скакаць (аб конях)’, але семантыка вельмі адрозніваецца. Таму можна меркаваць, што бел. лексема гэта нейкае жаргоннае слова, магчыма, запазычана з укр. мовы і ўжываецца ў метафарычным значэнні. Паколькі пакуль няма дадатковых даных аб гісторыі слова гапцава́ць у бел. мове, то больш пэўнага аб ім сказаць нічога нельга.