Гатава́льня ’гатавальня’ (БРС). Укр. готова́льня. Запазычанне з рус. готова́льня ’тс’, якое ўзята з польск. мовы (спачатку мела значэнне ’туалет з рознымі прадметамі’). Польск. gotowalnia пранікла ў рус. мову ў XV ст. Падрабязна Шанскі, 1, Г, 151.
Гатава́цца ’кіпець’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з польск. gotować się ’тс’. Няпэўна.
Гатаві́зна ’гатоўка’ (Нас.). Ст.-бел. готовизна ’тс’ (Булыка, Запазыч.). Укр. готови́зна ’тс’. Запазычанне з польск. gotowizna ’тс’ (да gotowy); так Булыка, Запазыч., 85. Трубачоў (Эт. сл., 7, 70) мяркуе, што гэтыя лексемы адносяцца да прасл. *gotovizna, але геаграфія слоў на ўсх.-слав. глебе сведчыць аб запазычанні.
Гаталя́й ’гультай’ (Шат.). Няясна.
Гато́вы ’гатовы’. Параўн. рус. гото́вый, укр. готовий, польск. gotowy, серб.-харв. го̀тов, ст.-слав. готовъ. Прасл. *gotovъ ’тс’. Найбольш верагоднай з’яўляецца этымалогія Трубачова: *gotovъ гэта вытворнае ад *gotŭ (*gu̯ătu, супін да і.-е. *gu̯ā̆ ’ісці’). Да семантыкі параўн. ням. bereit ’гатовы’ (reiten ’ехаць конна’), fertig ’тс’ (да Fahrt ’паездка, падарожжа’); гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 70–72 (там і агляд шматлікіх іншых версій). Прасл. характар маюць і вытворныя: *gotovati: бел. гатава́ць (БРС, Нас., Касп., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Бяльк.), ст.-рус. готовати, укр. готува́ти, польск. gotować, серб.-харв. го̀твати, ст.-сл. готовати і г. д.; *gotoviti: бел. гато́віць (Бяльк., Сл. паўн.-зах.), рус. гото́вить, укр. гото́вити, польск. (старое) gotowić, серб.-харв. го̀товити, ст.-сл. готовити і г. д. Агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 69–70.
Гато́ўка ’гатоўка’ (БРС, Нас., Шат., Бяльк.). Укр. готі́вка ’тс’. Запазычанне з польск. gotówka ’тс’. Параўн. гатаві́зна.
Гато́ўнасць ’гатоўнасць’ (БРС). Відавочнае запазычанне (як і ўкр. гото́вність) з рус. гото́вность ’тс’ (да готовый, готовить).
Гату́нак ’гатунак’ (БРС, Касп., Шат.), ’парода’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. гатунок, гатунок ’тс’. Запазычанне з польск. gatunek ’тс’ (а гэта з ням. Gattung). Слаўскі, 1, 261; Рудніцкі, 1, 808.
Гаты́чны ’гатычны’ (БРС). Укр. готи́чний, рус. готи́ческий. Гэта назва стылю ў мастацтве з’яўляецца запазычаннем з франц. gothique ’тс’ (а гэта ад назвы германскага племя готаў). Гл. Шанскі, 1, Г, 150–151.