Га́біт ’манаскае адзенне ўвогуле і асабліва ў каталіцкіх манахаў’ (Нас.), Укр. га́біт, габит (з XVII–XVIII стст.). Запазычанне з польск. habit ’тс’ (вядомага з XVI ст.) < лац. habitus ’тс’ (Слаўскі, 390; Кюнэ, Poln., 55). Параўн. яшчэ Рудніка (515), які ўкр. словы выводзіць прама з лац. У ст.-бел. мове ў XVIII ст. засведчана габитъ ’выгляд, аблічча’ < лац. habitus ’тс’ (гл. Булыка, Запазыч., 76). Лац. слова пранікла ў многія еўрап. мовы. Параўн. Слаўскі, там жа; MESz, 2, 9. Сюды ж га́бітнік ’ксёндз, які ходзіць у габіце’ (Нас.). Паколькі гэтага слова няма ў польск. мове, то яго трэба лічыць беларускім утварэннем ад запазычанага га́біт.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)