Галу́шка 1 ’галушка’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ), таксама ’шарык, галачка’ (Касп.). Рус. галу́шка, укр. галу́шка, польск. gałuszka (hałuszka; гэты апошні варыянт запазычаны з укр.; гл. Брукнер, 133). Адносіны паміж асобнымі словамі ў слав. мовах даволі складаныя. Рус. слова лічыцца запазычаннем з укр. (гл. Шанскі, 1, Г, 20). Укр. галушка, паводле Шанскага (там жа), хутчэй за ўсё ўзята з польск. мовы (gałuszka < gała). Штосьці пэўнае адносна бел. слова сказаць цяжка, бо няма дастатковых даных адносна гісторыі гэтай лексемы. Аб слове галу́шка ў бел. дыялектах гл. падрабязна Сцяц. Нар., 36–37, які адзначае, што як назва стравы слова галушкі малаўжывальнае і часцей яно сустракаецца ў форме галушка (адз. л.) са значэннем мучнога шарыка ў зацірцы.
Галу́шка 2 ’звязка апрацаванага лёну’. Гл. галу́шка 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)