Галаве́нька1 ’апалонік (паўзун)’ (Шатал.). Наўрад ці ёсць сувязь са словамі тыпу галаве́нь (назва рыбы з вялікай галавой) ці галаве́нька ’спарыння’ (Шатал.). Хутчэй за ўсё трэба думаць пра нейкую кантамінацыю розных па значэнню, але падобных па форме слоў (*golv‑ ’галава’). А можа, гэта памяншальная форма (суф. ‑енька) ад галава?

Галаве́нька2 ’галавешка’ (Шатал.). Па паходжанню гэта памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка, факел і да т. п.’ (асноўная форма бел. *галаўня зафіксавана ў бел. мове вельмі слаба; яе няма ў большасці слоўнікаў; Трубачоў (Эт. сл., 7, 12) прыводзіць бел. галаўня, але адкуль?). Прасл. *golvьńa (рус. головня́, укр. голо́вня, польск. głownia, чэш. hlavně, hlaveň, ст.-слав. главьнꙗ, балг. главня́, серб.-харв. гла́вња і г. д.) лічыцца звязаным з прасл. *golva ’галава’ (г. з. н. першапачаткова ’галоўка палена, што гарыць’). Гл. Фасмер, 1, 429–430 (там і агляд ранейшай літ-ры). Менш пераконвае сувязь са ст.-інд. jurvati ’паліць’, jūrṇí ’жар’ і г. д. Іншыя этымалогіі яшчэ больш няпэўныя. Падрабязны агляд славянскіх форм і абгрунтаванне сувязі з *golva гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 12–13.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)