Галаўня́ 1 ’спарыння’ (Сцяшк. МГ, Шатал.), галаве́нька ’тс’ (Шатал.). Гэта назва сустракаецца ў радзе слав. моў. Параўн. рус. головня́, укр. голо́вня́, польск. głownia, балг. главня́ ’тс’. Гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76–79; Трубачоў, Эт. сл., 7, 12–13. У гэтай жа форме, але з іншым значэннем (’галавешка’) *golvьńa сустракаецца ў многіх слав. мовах і дыялектах (агляд гл. Трубачоў, там жа). Гэта значэнне лічыцца зыходным, а ’Ustilago, хвароба зерневых, спарыння’ — другаснае. Гл. Выгонная, там жа; Трубачоў, Эт. сл., 7, 13. Будзішэўска (Słown., 300) меркавала, што значэнне ’Ustilago’ — гэта інавацыя, што, бясспрэчна, няправільна (параўн. геаграфію слова і семантычныя паралелі, якія прыводзіць Выгонная, там жа, с. 77).
Галаўня́ 2 ’верхні вушак у дзвярах’ (Шатал.). Можна меркаваць, што тут, магчыма, захоўваецца адно з архаічных значэнняў слова *golvьńa, менавіта ’штосьці важнае, галоўнае і да т. п.’ Гэта значэнне не зафіксавана ў Трубачова (Эт. сл., 7, 12–13), што, аднак, не сведчыць аб немагчымасці яго існавання ў мінулыя часы. Менш верагодным здаецца вывядзенне «верхняга вушака ў дзвярах» з якога-небудзь вядомага значэння прасл. *golьbńa.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)