Галава́ч. У бел. мове гэта слова мае некалькі значэнняў: ’раскідзістае дрэва на адкрытым месцы’ (Сцяшк. МГ), ’вялікая сасна на полі; векавы лес’ (Яшкін), ’апалонік (паўзуны)’ (Сцяшк. МГ, Шатал., Жд. 3), ’галавень’ (Жд. 2). Таксама шмат вытворных з такой суфіксацыяй і рознымі значэннямі і ў іншых слав. мовах (падрабязны агляд матэрыялу дае Трубачоў, Эт. сл., 7, 7, але бел. мова прадстаўлена толькі прыкладам на ’апалонік’ з Жд. 3). Прасл. фармацыя *golvačь (ад *golva ’галава’ + суф. ‑(a)č‑ь). У аснове назвы ляжыць прыкмета ’вялікай галавы’ (сюды ’апалонік’ і ’галавень’). Далей метафарызацыяй узнікае ’раскідзістае дрэва’ (’з вялікай кронай’), ’вялікая сасна’ і, урэшце, ’векавы лес’. Можна ставіць пытанне: ці ўсе слав. словы, якія прыводзіць Трубачоў пад праформай *golvačь, праславянскага паходжання? Даная словаўтваральная мадэль ва ўсе часы была прадуктыўнай (і ў перыяд самастойнага існавання асобных слав. моў). Так што лепш гаварыць пра словаўтваральную мадэль *golvačь праславянскага характару.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)