Галка 1 ’птушка’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк.), таксама га́ліца ’тс’ (Нас., Шатал.), галі́ца (Бяльк.). Формы з суфіксам ‑к(а) толькі ўсх.-слав., і ў гэтым сэнсе мае рацыю Шанскі (1, Г, 16), прыводзячы ст.-рус. галъка, рус. га́лка, укр. га́лка, бел. га́лка ’тс’. Але паралельна з гэтым ёсць усх.-слав. рус. га́лица, бел. га́лі́ца, укр. га́лиця ’галка’, і такія формы адзначаюцца і ў іншых слав. мовах (балг. га́лица, серб.-харв. галица). У аснове ляжыць прасл. *galъ ’чорны’ (параўн. серб.-харв. гао). Іншая версія: уся група слоў утворана ад гукапераймальнага *gal‑. Гл. Фасмер, 1, 388–389.
Га́лка 2 ’шарык, галушка’ (БРС, Нас., Сцяшк. МГ). Гэта слова, магчыма, мае дачыненне да групы слоў, якія Фасмер (1, 388) разглядае пад га́лка 2, адносячы сюды рус. га́лка ’шкляны шар’, галу́шка, укр. га́лка, галу́шка, бел. га́лы ’вочы; ягадзіцы’, славен. gâłka ’чарнільны арэшак’, славац. hálka ’шарык; вярхушка вежы’, польск. gałka ’шар, набалдашнік’, gały ’вочы’, і якія быццам узяты з с.-в.-ням. Galle (< лац. galla). Фасмер мяркуе, што вывядзенне ўсёй гэтай групы слав. слоў з ням. крыніцы выклікае сумненне з прычыны разнастайнасці значэнняў слав. лексем і што, прынамсі, для часткі з іх трэба ставіць пытанне аб іх спрадвечна слав. паходжанні. Ст.-бел. кгалка, галка ’прадмет круглай формы’ запазычана непасрэдна з польск. мовы ў XVI ст. Гл. Булыка, Запазыч., 147. Аб запазычанні сведчыць выбухное г (кг) у гэтым слове.
Га́лка 3 ’месца паміж кустамі, дзе расце трава’ (Яшкін). Гл. га́ліна 2.