Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ахмістры́ня ’эканомка; жанчына ў панскім двары, якая распараджалася хатняй гаспадаркай і мела ключы ад прадуктаў’ (БРС, Нас., Мядзв. мін., Шн., Бяльк.), ахмістрына ’жанчына, якая любіць распараджацца’ (КСТ), ст.-бел. охмистрина ’аканомка, ключніца’ (з XVII ст., Нас. гіст.). Утворана ад ст.-бел. охмистръ ’дваровы; чалавек, які загадваў службай пры двары’ (з XV ст., Нас. гіст.), запазычанага праз польск. ochmistrz ’тс’ з ням. Hofmeister, па тыпу княгіня (ад князь) або субстантывацыяй прыналежнага прыметніка охмистрина, як бандарына (ад бондар), параўн. ст.-бел. охмистровая, гл. Паўленка, Веснік БДУ, 1974, 1, 47; Булыка, Запазыч., 233; згодна Кюнэ, Poln., 82, бел. ахмістрыня з польск. ochmistrzyni ’тс’.

Ахмуры́ць ’падмануць, ашукаць’ (Юрч. Сін., 31), рус. охмурить. Да хмура//хмара, параўн. польск. ochmurzyć (ochmurzać) ’пакрыць хмарамі; зрабіць панурым, атуманіць, напусціць туману; ашукаць’; магчыма, жаргонная пераробка пачатку слова, параўн. арг. шмурыць з дурыць, шмурак з дурак. Гл. ахмурэць.

Ахмурэ́ць ’стаць невясёлым’ (Касп., КСТ), ’аслабець’ (Касп.), ахмырэць ’зрабіцца панурым’ (КСП), зхмарэ́ць ’тс’ (Грыг.). Да хмура//хмара, параўн. рус. охмарить ’надуцца, зазлаваць’, хмура ’пахмурны чалавек’, хмыра ’тс’, хмуры ’пакрыты хмарамі; пануры, невясёлы (пра чалавека)’.

Ахмы́лка ’памылка’ (Шат.), ахмыляцца ’памыляцца’ (Шат.). Ад абмылка, абмыляцца ’тс’ з распадабненнем губных, магчыма, пад уплывам іншых слоў тыпу рус. маск. хмы́лом ’хутка, паспешна’. Гл. мыляць, памылка.