Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ахла ’крываўнік’ (Кіс.). Скажоная лацінская назва расліны Achillea millefolium L. Гл. ахелей.

Ахламо́н ’неарганізаваны, неакуратны, зацюканы чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), вахламон ’неахайны чалавек’, вахламоня ’неахайная жанчына’, вахламондзія ’тс’ (Яўс.); слова вядома на большай частцы Беларусі са значэннямі ’чалавек, недалёкі ў разумовых адносінах’, ’чалавек без пачуцця ўласнай годнасці’, ’дрэнна выхаваны, некультурны чалавек’, ’неакуратны, неахайны чалавек’, ’неахайна адзеты чалавек’, няўклюда’ і інш. Рус. охламон дурань і гультай’, рус. дыял. охламон ’вялікі чалавек, у якога не ўсё ў парадку’. Няясна. Найбольш натуральнай здаецца сувязь з хлам ’старызна, дрэнь’ (Нас.), якое, паводле Бірылы, Бел. антр., 2 (пад Ахламёнак), можа выступаць у форме ахлам, параўн. таксама рус. дыял. хлам ’лахманы, старызна’, хламунина ’старая, зношаная адзежына’; параўн. таксама серб.-харв. hlamina ’зношаны абутак, уступкі’ (Скок, 1, 671); тады першапачаткова ахламон ’неахайна адзеты чалавек’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй як у разявон ’разява’, пры гэтым магчымы ўплыў кантамінаваных форм тыпу рус. пск. ахломотья лахманы’. Аднак, прымаючы пад увагу аддзеяслоўны характар форм тыпу разявон, можна дапусціць утварэнне ахламон ад хламаць, хламнуць (ад гукапераймальнага хлам!), параўн. хламаць ’есці’ (пра свіней; рэдка абразліва — пра чалавека, КСТ), экспр. ’есці’ (Сержп., Грам., 61), хламнуць ’праглынуць (Бел. фраз., 62), суфіксацыя ахламон як у матон ’круцель, махляр, дзялок’ (Яўс., ад матаць); тады ахламон ’некультурны чалавек, мужык’, параўн. хамула ’некультурны чалавек’ ад хамаць ’прагна і гучна есці’, рус. дыял. охряпок ’дзеравеншчына, няўклюда’ ад хряпать ’есці многа’. Жаргонны характар слова дазваляе лічыць верагодным таксама дапушчэнне Супруна (вусн. паведамл.) аб сувязі з грэч. ὄχλος ’чэрнь, натоўп’ (да ст.-грэч. ὀχλο‑μανέω ’імкнуцца да папулярнасці’?), аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці. Параўн. з іншай суфіксацыяй ахлама́н ’неацёсаны, тупы чалавек’ (Цых.). Гл. Цыхун, БЛ, 8 (1975), 58–59.

Ахла́пак ’вялікі кавалак чаго-небудзь ядомага (напрыклад, мяса)’ (Мядзв.), охлапок ’абрэзак’ (Клім.), охлапы ’дрэннае мяса, адыходы пры разбіранні тушы’ (КСТ), охляпы ’кускі няякаснага мяса на баках’ (лельч., Шур, вусн. паведамл.). Польск. ochłapy ’рэшткі мяса, кавалкі дрэннага мяса’, ’кішкі, зрэзкі мяса’ (з беларускай тэрыторыі і суседніх польскіх, гл. Карл., 3, 382), ochłapek ’тс’ тлумачаць ад chłapać ’жэрці’ (Брукнер, 373), якое разам з chlapać ’біць па чым-небудзь вадкім’, ’хлябтаць’ гукапераймальнага паходжання, гл. Слаўскі, 1, 65; відаць, нельга адрываць ад ахлопак (гл.), параўн. ахлапісты снег і снегавыя ахлопкі (КТС), хлопак ’касмык, шкумат’ у Насовіча; развіццё значэння ад ’мяккі, бясформенны’ да ’слабы, дрэнны’, гл. у хлапаваты ’мяккаснежны і буйнаслаісты’, хлапі́на ’сасновае дрэва з буйнымі і мяккімі слаямі’ (Нас.), параўн. славен. ohlapen ’друзлы, абвіслы’.

Ахло́пак ’ахапак сена’ (полац., Крывіцкі, вусн. паведамл., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), ахлопкі ’камякі’ (пра снег, КСП). Ад хлоп ’шматок, бясформенны кавалак’, гл. таксама ахлапак; да фанетыкі параўн. ахапак і ахопак.

Ахлу́дзець ’астыць, адубець, стаць цвёрдым’ (КЭС. лаг.), охлу́дыты ’акачанець, астыць’ (Клім.). Ад хлуд, хлу́дзіна ’кій, дубец’, як адубець ’страціць гнуткасць (ад холаду)’ ад дуб, акалець ад кол і г. д., пры гэтым, аднак, цяжка вытлумачыць адрозненні ў націску; драг. хлуд ’акачаненне, здранцвенне; цурбан (у праклёнах)’ (Клім.) можа сведчыць пра другасную сувязь з хлуд ’кій’, параўн. рус. хлу́да ’немач, слабасць’, збліжанае Махэкам₂, 200, з чэш. chlouditi ’марыць (холадам)’, ст.-чэш. chlúditi слабець’; тады ад незафіксаванага *хлудзіць < *chlǫditi ’пазбаўляць сілы’; параўн. Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 94. Ці не сюды польск. ochłódnąć (на думку Брукнера, 180 «пазнейшае») замест ochłodnąć ці ochłonąć ’астыць, прыйсці да сябе пасля хвалявання’, для якога акрамя ўздзеяння формы chłód холад’ можна дапусціць уплыў бел. ахлудзець?

Ахлу́п ’суцэльнае бервяно, якое кладзецца над вокнамі, дзвярамі’ (Інстр. лекс.), ахлупавата ’не крута’, ахлупны ’ахопліваючы, верхні’ (Касп.), рус. о́хлуп, о́хлупь ’вільчык, верхняя частка страхі’, о́хлупень ’тс’. Звязана з гукапераймальным хлопаць ’стукаць, ляскаць, выдаваць адрывістыя гукі’ чаргаваннем галоснага асновы, якая мае значэнне ’выдаваць шум, закрываючы ці адкрываючы адтуліну’, параўн. захлупі́цца ’задыхнуцца (ад раптоўнага недахопу паветра)’, рус. бранск. адхлупнуть ’адклеіцца, адстаць’, балг. захлупвам ’закрываць накрыўкай, пераварочваць уверх дном’, захлупак, похлупак ’накрыўка’ (адносна апошніх гл. Мірчаў, БЕ, 10, 2–3, 218–220); з захаваннем галоснага о рус. захлопнуть ’рэзка закрыць’, захлопка затычка’, славац. chlopňa ’накрыўка’; Махэк₂ (287) выводзіць рус. охлупень ад *xlupěti ’вісець, падаць’, што ўзыходзіць да гукапераймальнага *xlup — для абазначэння розных рухаў, галоўным чынам раптоўных, нечаканых (там жа, 200 і наст.). Неверагодна перш за ўсё па лінгвагеаграфічных прычынах адносна рускага слова Фасмер, 3, 176 (з о‑ і хлупь ’хвост’, ’гузка ў птушак’). Параўн. ашлап.

Ахлы́сцік ’ашуканец, асоба без пачуцця чалавечай годнасці’ (КЭС, лаг.), ’падлетак, несамастойны чалавек’ (глыб., полац., Цыхун, вусн. паведамл.). Ад ахлыстаць ’пабіць’, гл. хлыстаць, параўн. польск. ochlast ’ілгун’, ад ochlastać (Варш. сл., 545). Гл. хлысцік.

Ахля́біна ’?’ (Інстр. лекс.), охлябіна ’ўвогнутае месца’ (КСТ). Відаць, да хляба ’упадзіна, пахвіна ў жывёлы’. Параўн. ахляць.

Ахляпе́сціць (атхляпесціць) ’адчыніць дзверы, вокны (неадабральна)’ (Янк. Мат.). Гукапераймальнае (хляп!). Аднак суфіксацыя застаецца няяснай.

Ахля́ць ’аслабець і апусціць рукі, апусціцца, здацца’ (Янк. II), ’аслабець; заняпасці’ (Ян.), охляб ’заняпаў, аслабеў’ (Бесар.), параўн. «стаў худы і больш ахлялы» (КТС), схліялы ’кволы, слабы; стары’, схліяць ’аслабець, састарыцца’ (Яўс.), укр. охлясти і охлянути ’схуднець, аслабець, страціць сілы’; апошняе разам з ц.-слав. (рус.) охлѧдание ’абыякавасць’, ахлѧнѧти ’аслабець’ з *xlęd‑nǫ‑ti ’страціць сілы’, параўн. хлянуты ’страціць сілы, схуднець’ (Клім.), што звязана чаргаваннем галосных кораня з *xlǫditi ’пазбаўляць сілы’, параўн. чэш. chlouditi ’тс’, гл. Бернекер, 388 і наст.; Скок, 1, 672; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 94, насуперак Фасмеру, 4, 246. Для некаторых форм і значэнняў магчымы ўплыў утварэнняў з *xlęb‑, параўн. хляблы ’худы, слабы’ (Нік. Очерки), укр. охляб(ну)ти ’аслабнуць’ (пра сувязь частак у чым-небудзь) і інш.