Ахі́біцца ’сагнуцца’ (Мурашка, КТС). Да хібіцца ’хістацца, гнуцца’.
Ахі́лак ’кволае дзіця’ (полац., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), охілок ’слабы чалавек’ (петрык., Цыхун, вусн. паведамл.). Ад хілы ’слабы, пахілы’, відаць, пад уплывам асілак волат, магутны чалавек’.
*Ахі́лкі, охі́лкі ’шафран Гейфеля, Crocus Heuffelianus Herb.’ (Бейл.). Ад хілы ’схілены, пахілы’, хілі́ць ’пахіляць’, ахіляць ’закрываць’, параўн. іншыя назвы: бабін сон, сон, соннік, характэрныя для раслін, якія на ноч ці на дождж схіляюцца ці «засынаюць».
Ахіля́ць ’ахінаць, ухутваць’, ахіляцца ’ахінацца, укручвацца’ (Сцяц.). Ад хіліць ’згібаць’; супадзенне значэнняў і тэрытарыяльнае суседства з польск. ochytać ’атуляць, укрываць, абараняць’, магчыма, сведчыць пра ўплыў, параўн. таксама кобр. охылянка ’вялікая хустка ахінаць плечы’ (Бел. дыял., 145), дзе спалучэнне хы можа разглядацца як дыялектная з’ява ці прыкмета запазычанасці слова.
Ахіна́ць (БРС, Нас., Яруш., Гарэц., Бяльк., Сцяшк.). Разам з польск. ochynąć ’накінуць, апрануць у што-небудзь’, ад хінаць, хінуць (chynąć) ’згібаць, сагнуць’, развіццё семантыкі як у ахіляць (гл.).
Ахіне́я ’бязглуздзіца, выдумка’, укр. ахінея, рус. ахинея. Звычайна лічыцца т. зв. семінарысцкім словам, узнікшым на базе спалучэнняў тыпу «афинейские плетения», «ахинейская премудрость» сумбурная, цяжкая для зразумення прамова’ ад грэч. ἀθηνατος ’афінскі’ (з Афін), гл. Фасмер, 1, 97; Рудніцкі, 1, 43; паводле Шанскага, 1, А, 180, беларускае і ўкраінскае словы з рус. ахинея. Згодна з Вінаградавым (РР, н. с., 3 (1928), 28–46), ад хинить ’лаяць, ганьбіць’, хинь ’бязглуздзіца, глупства’ з адлюстраваннем на пісьме акання, што сведчыць пра паўднёварускае паходжанне слова (аднак пры гэтым не ўлічваецца, што зыходныя словы вядомы пераважна на паўночнай тэрыторыі). Па семантыцы бліжэй да царкоўнаславянскага (серб.) хынити ’хлусіць’, серб.-харв. хи́нити ’прытварыцца, быць няшчырым, хлусіць’, якія фанетычна адпавядаюць польск. chynąć, бел. хі́нуць ’сагнуць’, параўн. прастамоўе загнуць, загібаць, ’выдумляць, гаварыць бязглуздзіцу’, а таксама мсцісл. пускаць хі́нню ’марнатравіць’ (Юрч. Фраз. 2).