Ахлу́дзець ’астыць, адубець, стаць цвёрдым’ (КЭС. лаг.), охлу́дыты ’акачанець, астыць’ (Клім.). Ад хлуд, хлу́дзіна ’кій, дубец’, як адубець ’страціць гнуткасць (ад холаду)’ ад дуб, акалець ад кол і г. д., пры гэтым, аднак, цяжка вытлумачыць адрозненні ў націску; драг. хлуд ’акачаненне, здранцвенне; цурбан (у праклёнах)’ (Клім.) можа сведчыць пра другасную сувязь з хлуд ’кій’, параўн. рус. хлу́да ’немач, слабасць’, збліжанае Махэкам₂, 200, з чэш. chlouditi ’марыць (холадам)’, ст.-чэш. chlúditi слабець’; тады ад незафіксаванага *хлудзіць < *chlǫditi ’пазбаўляць сілы’; параўн. Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 94. Ці не сюды польск. ochłódnąć (на думку Брукнера, 180 «пазнейшае») замест ochłodnąć ці ochłonąć ’астыць, прыйсці да сябе пасля хвалявання’, для якога акрамя ўздзеяння формы chłód холад’ можна дапусціць уплыў бел. ахлудзець?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)