Ашлап ’верхняе бервяно ў зрубе, якое кладуць на бэлькі’ (карэліц., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), ошлап (стол., Шушк.), ошлапа ’бервяно, якое кладзецца пад вокнамі (КСТ), ашлапны ’ахопліваючы, верхні’ (Касп.). Наяўнасць навагр. атла́б ’выемка ў ніжнім бервяне для шчыльнага прылягання з верхнім’ (Сцяшк.) робіць магчымым супастаўленне з літ. ùžlapas ’закрыты’ (параўн. Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), якое ўтварае пару з ãtlapas ’адкрыты’, аднак цэлае гняздо слоў з больш шырокім значэннем, гл. ашлапіць, прымушае прыняць славянскае паходжанне ці, ва ўсякім разе, лічыць цалкам магчымым такое паходжанне слова або поўную фармальную і семантычную яго адаптацыю, параўн. укр. палес. нашлапа ’тс’ (Лысенка, СПГ), рус. смал. шлапник ’папярочная бэлька, на якой трымаецца столь’. Цікавую паралель дае ахлуп і ачэп ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)