Князь 1 ’правадыр войска і правіцель вобласці ў феадальнай Русі’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. князь, рус. князь, ст.-рус. кънязь ’тс’, ст.-слав. кънѧзь, балг. кнез, серб.-харв. кне̑з, славен. knȇz ’тс’, польск. książę, чэш. kníže, славац. knieža, в.-луж. knjez ’пан’, палаб. knąz ’шляхціц’. Прасл. kъnędzь было запазычана з германскіх моў, ва ўсякім разе задоўга да трэцяй палаталізацыі. Параўн. княгіня (гл.). Аб старажытнасці запазычання сведчыць, відаць, таксама рухомасць акцэнтуацыйнай парадыгмы пры кароткім галосным у корані. Прагерм. kuningaz ’правадыр, кароль’ тлумачыцца як утварэнне на ‑ingaz ад прагерм. kunja ’род’ (лац. genus, ст.-грэч. γένος, ст.-інд. jánaḥ ’тс’). Такім чынам, у прагерманскай мове наглядаецца словаўтваральная інавацыя афіксна-семантычнага тыпу (славянскія мовы не ведаюць ніводнага спрадвечнага слова з суфіксацыяй ędʼzʼь) (Мартынаў, Лекс. взаим., 47–48). Параўн. Кіпарскі Gemeinslav., 181; Экблум, ZfSlPh, 30, 6; Экблум, ScSL, 3, 176. Князь у значэнні ’жаніх’ — табуізм (гл. Хаверс у Фасмера, 2, 266). Такое ж трэба сказаць і аб княгіня ’нявеста’.
Князь 2 ’малады, жаніх’ (Нас., Яруш., Грыг., Гарэц., Нар. лекс., З нар. сл., Маш., Сержп. Грам.), ’дружка’ (Кольб.). Гл. князь 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)