Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Акт, актавы, ст.-бел. актъ ’акт, дакумент’ (1536) (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з лац. actus, якое да agere ’дзейнічаць’. Параўн. Шанскі, 1, А, 67.

Акто́р, акторка, акцёр, актрыса (БРС). Першыя два словы (ці варыянты) запазычаны з польскай мовы (Карскі, Белорусы, 160). У польскай з лац. actor. Трэцяе запазычана з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 84), а ў рускай з французскай acteur у пачатку XVIII ст. Гл. Шанскі, 1, А, 68.

Акты́ўны. Запазычанне 20–30‑х гадоў XX ст. з рускай мовы (Гіст. лекс., 272). Рус. активный з франц. actif (Шанскі, 1, А, 69).