Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Акаві́та (БРС), акавітка (Гарэц., Нас.), akawiteczka (Кольб.). Параўн. укр. оковита, чэш. akvavit, польск. okowita. Запазычанне праз польскую мову. Слаўскі, JP, 34, 134; Рыхардт, Poln., 8, 4; Кюнэ, Poln., 39; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 15.

Акадэ́мія (БРС), ст.-бел. академия (пач. XVII ст.) (Булыка, Запазыч.) праз польск. akademija або непасрэдна з лац. academia (Фасмер, 1, 65; Шанскі, 1, А, 56–57). Крукоўскі (Уплыў, 78) лічыць гэта слова русізмам.

Акаё́ман ’верхалаз’ (Бяльк.). Мабыць, недакладнае тлумачэнне да акаёмы ’адчайны’ (гл. каяцца). Параўн. рус. паўн. і ўсх. окаём ’нягоднік, неслух, ашуканец’. Гл. таксама каём ’шустры, бойкі’ (Мартынаў, Бел.-рус. ізал., 69). Іншая версія: (Цыхун, Бел.-рус. ізал., 91) да оком яти, рус. окоёмный ’скупы’.

Акажане́ць ’зачарвівець’, акажанелы ’раўнадушны, чэрствы, абыякавы’ (Яўс.). Гл. кажанець.

Акалава́цець ’змерзні, адубець’ (Сцяшк. МГ) да калаваць (гл.).

Акале́ць ’моцна змерзнуць, памерці’ (БРС, Янк. Мат., Гарэц., Касп.), акалелы. Гл. калець.

Акалі́чнасць (БРС, Нас.), рус. околичность ’аколіца’ (1520) (Нас. гіст.) < польск. okoliczność (Рыхардт, Poln., 84), якое ў сваю чаргу ад okolica, okoliczny. Аднак няма фармальных крытэрыяў, каб давесці іменна гэты шлях запазычання. Бел. акалічнасць магло таксама паходзіць ад акалічны, аколіца. Семантычны зрух акалічнасць ’тое, што навокал’ > акалічнасць мог адбыцца і на беларускай глебе: параўн. ням. Angelegenheit. Брукнер, 249.

Акало́т ’жытнія снапы, з якіх выбіты зярняты’ (КЭС, КТС, Некр.) да калаціць (гл.).

Акампанеме́нт (БРС). Новае запазычанне праз рус. аккомпанемент (Крукоўскі, Уплыў, 84), якое з франц. accompagnement (XVIII ст.) (Шанскі, 1, А, 60).

Аканава́ць ’абяцаць, намеціць (= мець намер)’ (Касп.), магчыма, праславянскі архаізм. Тады да прасл. kaniti: серб.-харв. ка́нити ’мець намер’, балг. каня, макед. кани ’тс’. Параўн. яшчэ балг. каня ’запрашаць, прапанаваць’ макед. кани ’тс’ (Мартынаў, SlW, 62). Бернекер (1, 561) супастаўляе з лац. cōnor ’мець намер, намагацца’. Супраць Вальдэ-Гофман, 1, 262. Параўн. таксама Покарны, 564. Скок (2, 34) звязвае з прасл. konati, konъ (гл. канец). Неверагодна. Гл. канькаць.