Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Скаравада́. Гл. скаварада.

Скарага́чыць, скараɣа́чуць жабы ‘аб кваканні жаб’ (лун., ДАБМ, камент., 895), скарга́чыць: скарга́ крычыць, скарга́чыць (ТС). Параўн. рус. кур. скаргы́кать ‘скрасці, шаркаць нагамі’, якое Фасмер (3, 633) лічыць гукапераймальным. Гл. скергатаць.

Скарада́ 1 ‘скарадзьба, баранаванне’ (Касп.), ‘барана’ (Ласт., Байк. і Некр.), ‘барана з устаўнымі зубамі’, перан. ‘упартасць, маральная няўстойлівасць’ (Нік. Очерки). Рус. дыял. скорода́ ‘барана’. У апошнім значэнні прасл. *skorda, дэрыват з суф. ‑a ад прасл. *skorditi ‘баранаваць’. Мяркулава (Этимология–1973, 55) у якасці паралелі падае ўкр. гуц. коро́да ‘моцна сукаватае дрэва’, якое магло служыць прымітыўнай бараной. Гл. скарадзіць і наступнае слова.

Скарада́ 2 ‘усходы, асенняя рунь’ (Ян., Шатал.), ‘вясновыя ўсходы яравых’ (Яшк.), ‘усходы’ (Ян., усх.-палес., Выг., Пятк. 1), скарадзі́цца ‘налівацца’ (Шатал.), скарадзе́ць ‘зелянець’ (Пятк. 1), скороды́тысь ‘усходзіць’ (палес., Выг.). Укр. палес. скорода́ ‘ўсходы пасеваў, рунь’. Да скарадзіць (гл.), што да і.-е. *(s)ker‑ з ‑d‑расшыральнікам; гл. Мяркулава, Этимология–1973, 55. Архаічны семантычны дыялектызм. Параўн. аднак славен. skráda ‘пшаніца, Triticum repens’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’ (Сной у Бязлай, 3, 247).

Скарада́ 3 ‘цыбуля-скарада, Allium schoenoprasum L.’ (Кіс.). Укр. дыял. скорода́ ‘цыбуля, Allium angulosum L.’, рус. скорода́ ‘палявыя дзікія цыбуля або часнок’, дан. ско́рда ‘часнок’. Запазычанне з грэч. σκόροδοѵ, σκορδοѵ ‘часнок’, роднаснага алб. hurdhë ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 282; Міклашыч, 303; Фасмер, 3, 652). Гл. таксама Мяркулава (Очерки, 133) з некаторымі сумненнямі адносна ўкраінскіх назваў. Параўн. наступнае слова (гл.).

Скарада́ 4 ‘асака, Carex L.’ (Інстр. 2), ‘асака пальчатая, Carex digitata L.’ (маг., Кіс.), скаро́да ‘тс’ (Касп.). Укр. скоро́да ‘асака’. Відаць, этымалагічна тое ж, што і скарада 1, 2 (гл.). Да семантыкі параўн. іншыя назвы, як целарэз і рус. том., кемер. реза́чка (да рэзаць, гл.). Але не выключаны і перанос назвы з дзікай цыбулі (гл. папярэдняе слова) з прычыны падабенства — вострае вузкае лісце. Паводле Сноя (Бязлай, 3, 247), усе назвы раслін з такімі характарыстыкамі, параўн. серб. скрада ‘ажына, сітніца, Luzula silvatica’, укр. бойк. ско́род ‘від высокай травы’, славен. skrada, škrada ‘пшаніца, Tritium repens’, як і скарада ‘барана’, узыходзяць да прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’, што ўяўляе nomen agentis ад дзеяслова, прадстаўленага ў літ. sker̃sti ‘забіваць жывёліну, калоць’, skardýti ‘тс’, лат. šķḗrst ‘расколваць; вязаць’ < і.-е. *(s)ker‑d‑ ‘рэзаць, калоць’, у тым ліку ад той жа асновы і грэч. σχόρ(ο)δον ‘часнок’.

Скарада́ 5 ‘панікніца, Geum L.’ (Бяльк.). Няясна. Фармальна да папярэдняга, але аснова намінацыі няясная. Магчыма, перанос са скарада 1, параўн. іншыя назвы розных відаў гэтай расліны: маг. грабелькі, рус. гребник, укр. гребенник (Аненкаў, 157), калі апошнія не сапсаваныя заходнеславянскія назвы, параўн. чэш. hrebičková bylina ‘гваздзіковае зелле’, таму што сухі корань яе мае пах гваздзікоў; чэшская назва з’яўляецца ўласна перакладам грэчаскай назвы расліны, гл. Махэк, Jména, 106.

Скарадзі́ць ‘разрыхляць бараной зямлю’, ‘пакідаць баразну, след’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Янк. 1, Растарг., Юрч.), скаро́дзіць ‘тс’ (Шымк. Собр., Ласт., Шат., Гарэц., Варл., Сцяшк., Байк. і Некр.), скородэ́тэ ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ). Укр. скоро́дити, рус. зах. і паўд. скороди́ть, польск. skródlić ‘тс’. Звязана чаргаваннем з рус. царк. оскорд ‘вялікая сякера’, ст.-слав. оскръдъ ‘матыка’. Прасл. *skorditi. Паралелі ў літ. skardýti ‘разрываць (зямлю), здрабняць’, лат. skā̀rdit ‘таўчы, здрабняць, крышыць’, літ. sker̃sti ‘калоць (свіней)’, лат. škḕrst ‘расколваць, разразаць (аб тушы)’, ст.-прус. skurdis ‘кірка, матыка’, ст.-англ. sceort ‘кароткі’, англ. short ‘тс’, с.-в.-ням. scherze ‘абрэзак, скіба’. Балтаславянскі корань *skerd‑ (*skird‑ літ.), *skurd‑ > *skord (Фрэнкель, 802; Махэк₂, 421), далей да і.-е. *sker‑ ‘рэзаць’ з ‑d‑расшыральнікам, гл. Мяркулава, Этимология–1973, 55. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 652; ЕСУМ, 5, 282.

Ска́радзь, скарада́ ‘жмінда, скнара’ (Касп.), скарэ́да ‘тс’ (Сержп., Растарг.), ска́ріда ‘нягодны; сквалыга’ (Бяльк.), ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’, ‘благі, кепскі’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. ска́рідь ‘погань’, рус. ска́ред, ска́реда ‘сквапны, сквалыга’, польск. szkarada ‘брыда’, чэш. škareda ‘пачвара’, славац. škaredý ‘агідны, брыдкі’, в.-луж. škerjeda ‘бруд, гідота’, н.-луж. škarjeda ‘тс’, серб.-харв. ска̏редан ‘брыдкі, непрыстойны’, балг. скаре́ден ‘эканомны, скупы’, радоп. ска́радлиф ‘лютаежлівы, капрызны ў ядзе’, макед. скареден ‘непрыстойны’, ст.-слав. скарѧдъ ‘брудны, агідны’, якія працягваюць прасл. *skarędъ; апошняе мае паралелі ў ст.-інд. ava‑skaras ‘экскрэменты’, apa‑skaraḥ ‘тс’, ст.-ісл. skarn н. р. ‘гной’, ‘памёт’, лац. mūskerda ‘мышыны кал’ і г. д. Іншыя версіі і літ-py гл. Фасмер, 3, 634; Глухак, 553; БЕР, 6, 729; ЕСУМ, 5, 266 (скаре́да ‘скнара’ лічыцца русізмам). Сумніўна Жураўскі (Гіст. лекс., 92), які ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’ лічыць паланізмам пры наяўнасці стараж.-рус. скарѧдъ, скарѣдъ ‘агідны’, серб.-ц.-слав. скарѣдъ ‘тс’. Гл. таксама шкарадзь. Магчыма, сюды ж карадлівы ‘чуллівы, крыўдлівы’ (Нас.), асабліва кара́дзіцца (гл.), сярод значэнняў якога ‘прыкідвацца бедным, сквалыжнічаць’. Гл. Мяркулава, Этимология–1973, 56.

Скара́за ‘свавольнік, гарэза’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Гл. кароза.

Скарако́л ‘дзве ніткі, скручаныя ў адну’ (Жд. 2). Казлова (Этимология–1982, 51) параўноўвае з балг. крачо́л ‘калашына’, дыял. краке́л ‘крук, кручок’, макед. кракел ‘крук’, в.-луж. kročel ‘крок’, на падставе якіх узнаўляецца прасл. *(s)korkъlъ/*(s)korčьlъ, дэрываты прасл. *(s)korkъ, што з семантычнага боку недастаткова абгрунтавана. Параўн. карачкі і карачун (гл.).

Скаралю́па, скаралю́піна ‘шалупайка’ (шчуч., беласт., Сл. ПЗБ). Кантамінацыя скаралюшча і лупіць (гл.), параўн. укр. шкарлу́па ‘тс’.

Скаралю́шча ‘шкарлупіна яйка’ (Сцяшк.; маст., гродз., Сл. ПЗБ, Жыв. сл., Скарбы), скаралю́шчына ‘тс’ (Сцяшк., Шатал.), ‘створка ракавіны малюска’ (ТС), скаралю́шчо ‘шкарлупіна яйка’ (Сцяшк., Сцяц.), скаралюшка, шкаралю́шка, мн. л. скаралю́шчэ ‘ракавіна малюска’ (ТС), скаралу́шча ‘ракавіна бяззубак і слімакоў’ (ашм., Стан.), скаралу́шчачка ‘ракавіна’, ‘хіцінавае покрыва жука’ (смарг., Сл. ПЗБ), скаляру́шчына ‘лушпіна ад яйка’ (Жд. 1), скаляру́шчыны ‘лупіны ад яек’ (стаўб., Сл. нар. фраз.). Параўн. укр. шкаралу́ща ‘шкарлупіна, скура, кара’, ст.-рус. скоролуща ‘лупіна, шалупайка’, рус.-ц.-слав. скралуща ‘тс’, славен. škraljušt ‘смятанка’, макед. дыял. skrálʼuš, скърлуши́на ‘луска ад рыбы’. Да прасл. *skor‑ (гл. скорка) і *lušča: луска, лушчыць (гл.); Праабражэнскі, 2, 308; Брандт, РФВ, 24, 175; Мацэнаўэр, LF, 20, 19 і наст.; Фасмер, 3, 652; Бязлай, 3, 247 (вынік кантамінацыі *skor‑upa, *skor‑pa і пад. з *luščiti); ЭССЯ, 11, 90 (рэканструюецца форма без рухомага s‑ прасл. *korlušča < *kora + *luščiti).

Скарамя́га, скарамя́ка ‘скаромнік, той, хто ў пост есць скаромнае’ (Нас., Шат.), skaramiáka ‘хто крадзе скаромнае’ (Варл.). Да ско́рам (гл.) з экспр. суф. ‑яг(а), ‑як(а), якія ўтвараюць назвы асоб агульнага роду, аб якіх гл. Сцяцко, Афікс. наз., 130, 132.