Карачу́н ’заўчасная смерць’ (Нас.), ’смерць, канец’ (Мал.), ’нешта пакрыўленае’ (Клім., Нар. лекс.), ’крывое і сукаватае дрэва’ (Нар. лекс.), ’нізкарослы чалавек’, «Сіціўрат, або Карачун, Зюзя — падземны цар, казачны бог марозаў, які нёс смерць» (Кіркор). Разнастайнасць семантыкі слоў, якія прыводзяцца, робіць рэканструкцыю першаснага значэння даволі цяжкай. Паралелі з іншых славянскіх моў амаль не дапамагаюць вырашыць гэту задачу: рус. карачун ’заўчасная смерць’, ’злы дух, чорт, дэман’, ’пост перад калядамі’, ’святочны абрад, каляды’, ’сонцаварот зімовы’ (іншыя значэнні яшчэ больш няпэўныя), славац. kračun ’каляды’, балг. крачун ’свята летняга і зімовага сонцавароту’. Уражвае тое, што слова зафіксавана амаль толькі ва ўсх.-слав. мовах, прычым украінскія паралелі ненадзейныя. Семантыка ўмоўнай рэканструкцыі korčunъ дэманструе тры тыпы значэнняў: ’зімовы сонцаварот’ (сюды таксама ’каляды’), ’летні сонцаварот’ (відаць, называўся krěsъ: серб.-харв. крѐсови ў тым значэнні) і міфалагічная істота — ’злы дух, падземны цар, уладар маразоў, смерць’. Лёгка заўважыць унутраную сувязь двух першых значэнняў, ’крывое сукаватае дрэва’ зафіксавана толькі ў беларускіх паралелях, якое, паводле нашых меркаванняў, адносіцца да іншай лексемы korkъ (гл. карачкі) (Казлова, Этимология, 1982). Што датычыць лексемы з міфалагічным значэннем, то мы не схільны яе ўзводзіць ні да korkъ ’нага’, ні да korčiti (гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 56–58). Рус. карачун ’дзіця, якое поўзае’ або балг. крачун ’вялікая нага’, з нашага пункту погляду, звязана з korkъ і korčiti, а не з карачун у міфалагічным значэнні. Арэал распаўсюджання для апошняга сведчыць хутчэй аб яго іншамоўным паходжанні. Прапанаваная нядаўна гіпотэза можа, як нам здаецца, праліць святло на паходжанне слова. Паводле гэтай гіпотэзы, балг. крачун і рум. craciun ’каляды, свята зімовага сонцавароту’ ўзыходзяць да алб. kërcun ’пень, цурбан’, што тлумачыцца рытуальным спальваннем пня падчас зімовага сонцавароту (Чабэй, Studime filologjike, 1964, 1, 61; Дзясніцкая, Слав. языкозн., 1978, 169). Рум. crǎciun, укр. крачун, славац. kračun у рамках карпацкай міграцыі з поўдня, аб чым сведчыць геаграфія распаўсюджання слова і фанетыка ўкр. паралелі. Пад гэтым адносна познім працэсам праглядваюцца старажытныя моўныя сувязі бел.-рус. лексемы ў міфалагічным значэнні. Гэтыя сувязі мелі месца да метатэзы плаўных і іх можна кваліфікаваць толькі ў плане ўсходнебалканскай міграцыі славян (VI ст. н. э.). Для больш старажытнага перыяду застаецца магчымасць (улічваючы албанскую лексіку) палеабалканскага паходжання славянскіх слоў у палескім арэале. Параўн. яшчэ Дзясніцкая, там жа, 168–170.