Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

По́лам ’полымя’ (смарг., глыб., Сл. ПЗБ), по́ламя ’тс’ (шальч., беласт., Сл. ПЗБ), по́ламень ’тс’ (пух., Сл. ПЗБ), полань ’тс’ (в.-дзв., брасл., віл., Сл. ПЗБ). Гл. полымя.

По́лап ’столь’ (беласт., Сл. ПЗБ). Хутчэй за ўсё, запазычана з польск. połap, półap (1437), pułap ’тс’, паводле Банькоўскага (2, 965), ’мазавецкае слова” ад łapić, łapać ’хапаць’, гл. асабліва pułapka, połapka ’пастка’, połapić ’схапіць’, параўн. аблапіць ’абхапіць’. Іншае паходжанне можна дапусціць для по́лаб ’столь’ (гл.), што, магчыма, сведчыць аб старых мазавецка-палескіх сувязях (Тарн.).

По́ласць ’парожняя або запоўненая прастора ў жывёльным арганізме’ (ТСБМ). Да полы (гл.).

По́лах ’спалох, перапуд, пярэпалах’ (Др.-Падб., Гарэц., Яруш., Нас., Касп.). Укр. поло́х ’страх’, рус. поло́х ’тс’, н.-луж. płoch ’тс’, сюды ж чэш., славац. plachý ’палахлівы; нясмелы’, славен. plah ’нясмелы’, серб.-харв. пла̏х ’хуткі, рэзкі’, балг. плах ’нясмелы, палахлівы; страх’. Прасл. *polxъ, магчыма, роднаснае грэч. πάλλω ’ўзбуджаю, уражваю’ (Фасмер, 3, 317). Паводле Сноя (448; гл. таксама SR, 35, 3, 269–275), узыходзіць да і.-е. *polo‑ ’страх’, вытворнае ад *pel‑ ’устрывожыць’, сюды ж гоц. us‑filma ’перапалоханы’ і пад.

По́ле абшар зямлі, прызначаны для ворыва’, ’вялікая роўная прастора’ (ТСБМ). Укр. по́ле, рус. по́ле, н.-луж. pólo, в.-луж. polo, польск., чэш., славац. pole, славен. polje, серб.-харв. по̏ље, балг. поле́ ’тс’. Прасл. *polje суадносіцца з по́лы (гл.) ’пусты, адкрыты, незапоўнены’, роднаснае ст.-швед. fala ’раўніна’, лац. palam прысл. ’адкрыта’, хец. palhi ’шырокі і плоскі’ (Фасмер, 3, 307; Сной, 467; Чарных, 2, 51). Можа суадносіцца са значэннем ’выпаленая (у лесе) дзеля пасеву прастора’ ад і.-е. *pel‑ ’паліць’, г. зн. ’лес, выпалены для сяўбы’, аналагічна лац. area ’адкрытая прастора’ і arēre ’паліць’ (Макоўскі, Мир сл. и знач., 151), магчыма, другаснае збліжэнне пры першасным і.-е. *pel‑ ’светлы, шэры’, параўн. пялясы ’з белымі палосамі’, літ. laũkas ’поле’, літаральна — ’белае’, г. зн. ’палоска засеянай зямлі сярод лесу’ (Трубачоў-Фасмер, 3, 307; Куркіна, Зб. Слаўскаму, 155). Гл. таксама пу́львына ’бязлесная раўніна’.

По́лецам ’спрытна, згодна’: сталі по́лецам працаваць (Сцяшк. Сл.). Няясна; магчыма, пераносна ад по́лец ’кавалак’ (гл. полць) — ’як адно цэлае’ (?).

По́ліва ’тое, што трэба палоць або што праполата’ (ТСБМ, Янк. 2, Гарэц., Нас., Шат., Сл. ПЗБ, Бяльк.). Ад палоць (гл.) пры дапамозе суф. ‑ів‑, які надае значэнне ’аб’ект ці вынік дзеяння’, напр., жацьжаціва ’поле са збажыною’ (Сцяцко, Афікс. наз., 41).

По́лік1 ’божая кароўка’ (гродз., Шат., З жыцця). Паводле Шаталавай (там жа, 171), звязана з палі́к (гл.), укр. пола́к ’вышыты наплечнік жаночай сарочкі’ (з-за стракатасці), параўн. по́лка ’кавалак тканіны’; хутчэй, фанетычна змененае Паўлюк (гл.), параўн. пётра‑паўла ’божая кароўка’, або да поле (гл.): калі пагода, ляці ў поля (там жа, 169).

По́лік2 ’аб’ём у бутэльку’ (Нас.), ’мера спіртнога: паўлітровая бутэлька’ (смал.); параўн. рус. полишка ’палова чаго-небудзь; мера гарэлкі’. Ад *пол‑ ’палова’ (гл. паў-) з памянш. суф. ‑ік па тыпу ўтварэнняў ад лічэбнікаў сямік, асмік, параўн. аналагічныя славен. polič ’кубак’, харв. pòlić ’палова меркі’ і пад.

По́ліўка ’суп; вадкая частка стравы, жыжка’ (ТСБМ), ’рэдкая страва, поліўка’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Нар. сл., Вешт.), ’верашчака’, ’зацірка’, ’бульбяны суп’, ’кісель з аўсянай мукі’ (ЛА, 4), по́леўка, по́лыўка ’малочны суп’ (Сл. Брэс.). Укр. поливка, польск. polewka ’поліўка’, в.-луж. poljewka, н.-луж. polěwka, чэш. polévka ’суп’, славац. polievka ’тс’. Ад по- і ліць (гл.), як помачка ад мачаць; паводле Банькоўскага (2, 687) — няяснае.

По́лішка ’папіхач’ (віл., Сл. ПЗБ). Калі тут не памылка — по́пішка ад папіхаць, экспр. суф. ‑ішк‑ (як запінзапішка), параўн. папі́шка ’штурханне ў дно вяслом’ (Касп.), то, хутчэй за ўсё, да лі́шак, лішка ’лішняе’, г. зн. ’непатрэбнае’.