◎ Пульвына́ ’мясцовасць на ўсход ад Камянца і Брэста ў бок Пінска, дзе мала лесу і балот, многа палёў’ (кам., ЖНС). З фанетычна змененага *полевина ад поле (гл.), параўн. назву людзей з гэтых мясцовасцей — полюхи ’палевікі’ (Клімчук, там жа). Аднак польск. pólwy (pulwy) ’затопленыя нізіны’, гідронім Пульва (назва рэчкі, што ўпадае ў Буг), нямецкія (з Прусіі) і балтыйскія паралелі дазваляюць бачыць тут заходнебалтыйскі ўплыў, параўн. Непакупны (Связи, 142–144): суадносіць з прус. Palwe ’пустка, зарослая нізкарослым хмызняком’, збліжэнне з поле лічыць другасным. Лаўчутэ (Балтизмы, 126) звязвае з літ. palves ’марошка; ягада, якая расце ў забалочаных мясцінах’, palios ’вялікія балоты’, лат. pali ’забалочаны бераг возера’, што малаверагодна. Бяднарчук (ABSl, 9, 51) адносіць балтыйскія формы да уграфінізмаў, параўн. карэл. palvi ’населеная мясцовасць’, эст. palu ’паляна, лес на пясчанай глебе; зарослая кустамі раўніна’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)