Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Апсі́к, псік ’вокліч для адгону катоў’ (РБС, Касп., Бесар., Нас.), псікаць (Нас.). Рус. дыял. (зах.) псик, укр. дыял. (лемк.) псик, польск. a psik ’вокліч для адгону катоў; гукапераймальнае пра чыханне’, разм. apsik, dać apsik ’даць па носе’ (Вечаркевіч), славен. psîk ’шыпенне’. Літ. дыял. apsìk ’вокліч для адгону катоў’. Пашырэнне ў асноўным на польскай і беларускай тэрыторыі робіць малаверагодным дапушчэнне Бесар., 40, аб паходжанні апсік з цюркскай назвы кошкі пшик (бышык, пышык, мышык). Няма пэўнасці і ў этымалогіі, якую прыводзіць Германовіч, Междометия, 63, аб сувязі слоў апсік, псік з назвай сабакі пёс (*pьsъ), таму што гэты вокліч ужываецца па наяўных даных толькі для адгону катоў. Магчыма, трэба тлумачыць як гукапераймальнае слова, якое перадае гук, які быццам вымаўляе кошка для выражэння незадаволення; на гукапераймальны характар указвае фіксацыя гукакомплексу прынамсі ў двух выпадках (славенскім і польскім) у яўна гукапераймальным значэнні.

Апсо́м ’знянацку, хутка’ (Юрч.), аптэ́сам ’тс’ (Касп.). З польск. obcesem, obsesem ’нахабна, знянацку’, ад obces, obses з лац. (сярэдневяковага) obsessus ’апантаны’ (Дарашэўскі, 415); слова вядома ў старапольскай мове да XVIII ст. толькі ў форме тыпу obses. Беларускія формы ўзніклі ў выніку гукавых змен: апсом як творны склон слова *обс < *обсс < *обсъс < *о̇бсас; аптэсам з абцэсам, магчыма, у выніку субстытуцыі (т на месцы ц), у абодвух выпадках б перад глухім давала п. Гл. абцэсам.

Аптэ́ка. Дыял. гапты́ка. Ст.-бел. аптыка (Булыка, Запазыч.), аптека, аптекаръ, аптекарка (Гіст. лекс., 154–155). Рус. аптека (з XVII ст.; таксама ў форме оптека, абтыка; аптекарь с 1583 — Шанскі, 1, А, 133. У XIX ст. фіксуецца таксама апотека). Укр. аптека, дыял. аптика з XVI ст.; аптекаръ з XVII ст. Першыя аптэкі на тэрыторыі Беларусі ў Пінску (1561) і Брэсце (1566) (БелСЭ, 1, 399). Рус.-ц.-слав. апотека (XIV ці XV ст.) — ’свіран’ (Міклашыч, Lex. palaeosl). Польск. apteka, дыял. aptyka, haptyka (з XV ст. apoteka, з XVI ст. apteka). Беларускае слова з польскай (а не з рускай, як лічыў Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе apoteka з чэшскай (Рэчак, Bohemizmy, 31) ці непасрэдна з лацінскай (Клеменсевіч, 145), а apteka з нямецкай (н.-ням. aptek, балт.-ням. aptheke (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 23). Крыніцай нямецкага і чэшскага, а магчыма, і польскага слова была лацінская мова, у якой у сярэднія вякі ўжо было вядома спецыялізаванае значэнне ’магазін лякарстваў’. Лац. apotheca і рус.-ц.-слав. апотека з грэч. ἀποθήκη ’склад, свіран’. У бел. дыял. гаптыка г можа быць і беларускай з’явай, а ы хутчэй за ўсё з польскай, дзе, магчыма, з чэшскай, а магчыма, і на ўласнай глебе.

Апу́дзіла ’пудзіла’ (Янк. I). Сюды ж апу́дала ’чалавек неахайнага выгляду, сонны, непаваротлівы’ (Куч.), а таксама опу́дына ’шырокае не па памеры адзенне’ (Клім.). Укр. опудало ’пудзіла’. Утвораны ад дзеяслова пудзіць (гл.), як і пудзіла з пратэтычным ці прэфіксальным а‑.

Апу́ка1 ’самаробны мяч і гульня з ім’ (БелСЭ, ЭШ), апока (Грыг., 241). Рус. зах. смал., бранск. опука, апука ’тс’, укр. опука ’мяч’, ’выпуклая часціна, напрыклад, у бочкі’. Утворана ад дзеяслова *опукати ’станавіцца выпуклым, надувацца’ па ўзору аплата, асада і г. д. Параўн. укр. опук ’выпукласць’, опукий ’выпуклы’, бел. выпуклы, пучыць і г. д. Супрун, Веснік БДУ, 1970, 1, 82–83.

Апу́ка2 ’лісце жыта на пэўным этапе развіцця’ (запіс Л. Ц. Выгоннай — аршан., Г. Ф. Вештарт — мядз.). Рус. смал. апук ’тс’. Для ўтварэння гэтага слова важны дзеяслоў распукнуцца (слуц., староб., кап. — вусн. паведамл. П. П. Шубы) пра вішні, яблыні і г. д., калі лопнулі покаўкі і хутка з’явяцца кветкі. Апука — пераход ад этапа пер’я, калі расліна тоненькая, да красавання, калі расліна ператвараецца ў пук, г. зн. у больш выпуклую форму; таму, як і апука1, гэта слова ўтворана, пэўна, ад дзеяслова *опукати, які меў яшчэ і такое адценне значэння, якое давала яму магчымасць характарызаваць расліну.

Апу́ліцца ’стаяць (сядзець) у стане нерухомасці, абыякавасці і безжыццёвасці, нагадваючы хворую курыцу’ (Янк. II), апуліць ’аслабець’ (Гайдукевіч, Працы IM, 6, 58). Балг., мак. опули ’вытрашчыць (вочы)’, опулено ’пільна’ (глядзець), чэш. pouliti, славац. púliť, ’вытрашчаць (вочы)’, укр. випулити ’вытрашчыць’. Параўн. бел. пуля́ты такі, што мае вялікія вытрашчаныя вочы’ (Янк. Мат., 79). Праслав. *puliti, відаць, азначала ’высоўвацца, выпірацца, вытрашчацца’ і звязана з і.-е. коранем *pu‑, *pou‑, *peu‑, *phu‑ ’набухаць, надувацца, уздувацца’ (Покарны, 847), які быў пашыраны дэтэрмінатывам Бернекер, 1, 100; Махэк₂, 62, 76, 341; Фасмер, 1, 240; Супрун, Веснік БДУ, 1974, 2, 20–25.

Апунды́рыцца ’ўздуцца (пра жывот)’ (Касп.). Напэўна, звязана з пуза, рус. дыял. пуздро ’жывот’, укр. пуздратий ’тоўсты, з вялікім жыватом’, пуздракуватай ’азызлы’ з заменай у групе здр з на н і ўстаўным ы па ўзору пузыр.

Апуска́ць. Гл. пускаць.

Апу́склівы ’неахайны’ (БРС), пэўна, тут дэрывацыя ад дзеяслова апускацца ў пераносным значэнні, адсюль і словы апушчэ́льнік ’нядбайны гаспадар’, апушчэ́нец ’нядбайны гаспадар, гультай’ (Бяльк.), ’неахайны, лодар’ (Юрч.), апу́шчаны ’тс’. (Сцяц.).

Апу́ха ’аблямоўка кажуха’ (БРС), ’дошкі, якія прымацоўваюцца на краях саламянай страхі’ (Інстр. I, Мат. Гродз., Бірыла, Бел. антр., 2, 22). Рус. зах. опуха, рус., укр. опушка, польск. opucha ’футравая аблямоўка’. Рус. значэнне ’край лесу’, як і бел. ’дошкі на краю страхі’, трэба лічыць пераносным ад ’аблямоўка адзення’. Агульнапрынятае тлумачэнне рус. опушка ад ст.-рус. опушити ’аблямаваць’ (суч. бел. апушыць), звязанага з пухъ (Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 159; Фасмер, 3, 147). Ст.-бел. опуха ўтворана, пэўна, у сувязі з гэтым жа дзеясловам (параўн. ст.-рус. просуха, прогрѣха, потѣха, утѣха). Апушына ’дошка з краю страхі’ < апух + ина.