Аптэ́ка. Дыял. гапты́ка. Ст.-бел. аптыка (Булыка, Запазыч.), аптека, аптекаръ, аптекарка (Гіст. лекс., 154–155). Рус. аптека (з XVII ст.; таксама ў форме оптека, абтыка; аптекарь с 1583 — Шанскі, 1, А, 133. У XIX ст. фіксуецца таксама апотека). Укр. аптека, дыял. аптика з XVI ст.; аптекаръ з XVII ст. Першыя аптэкі на тэрыторыі Беларусі ў Пінску (1561) і Брэсце (1566) (БелСЭ, 1, 399). Рус.-ц.-слав. апотека (XIV ці XV ст.) — ’свіран’ (Міклашыч, Lex. palaeosl). Польск. apteka, дыял. aptyka, haptyka (з XV ст. apoteka, з XVI ст. apteka). Беларускае слова з польскай (а не з рускай, як лічыў Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе apoteka з чэшскай (Рэчак, Bohemizmy, 31) ці непасрэдна з лацінскай (Клеменсевіч, 145), а apteka з нямецкай (н.-ням. aptek, балт.-ням. aptheke (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 23). Крыніцай нямецкага і чэшскага, а магчыма, і польскага слова была лацінская мова, у якой у сярэднія вякі ўжо было вядома спецыялізаванае значэнне ’магазін лякарстваў’. Лац. apotheca і рус.-ц.-слав. апотека з грэч. ἀποθήκη ’склад, свіран’. У бел. дыял. гаптыка г можа быць і беларускай з’явай, а ы хутчэй за ўсё з польскай, дзе, магчыма, з чэшскай, а магчыма, і на ўласнай глебе.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)